Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Назіральнік паскардзіўся ў ЦВК на абласную газету Гродна

Гарадзенскі доўгатэрміновы назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Раман Юргель накіраваў скаргу ў ЦВК. Яна тычыцца таго, што ў газеце "Гродзенская праўда" рашэнне адміністрацыі Кастрычніцкага раёна па стварэнні ўчастковых камісій было надрукавана не цалкам.

Раман Юргель
Раман Юргель

Згодна з "Каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", адміністрацыяй Кастрычніцкага раёна Гродна 24 чэрвеня было праведзена пасяджэнне і ўтвораны ўчастковыя выбарчыя камісіі на тэрыторыі раёна №№ 64-135.

У адпаведнасці з артыкулам 34 Выбарчага кодэкса рашэнне аб утварэнні камісій павінна было ў сямідзённы тэрмін са дня яго прыняцця быць надрукаваным.

У газеце "Гродзенская праўда" ад 27.06.2020 №50 рашэнне адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна "Аб утварэнні ўчастковых выбарчых камісій" было апублікавана не цалкам, з № 64 да паловы складу камісіі №97. Астатні склад камісій да № 135, нягледзячы на чаканні, прабачэнні, так і не быў апублікаваны, нават 1 ліпеня, у наступным нумары газеты.

Як адзначае назіральнік Раман Юргель, гэта з'яўляецца грубым парушэннем выбарчага заканадаўства і пастановы ЦВК №16 "Аб інфармаванні грамадзян выбарчымі камісіямі і мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі аб працы па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе".

У адпаведнасці з арт. 13 Выбарчага кодэксу выбары праводзяцца адкрыта і галосна, а «Сродкі масавай інфармацыі асвятляюць падрыхтоўку і правядзенне выбараў у адпаведнасці з заканадаўствам». Таму назіральнік просіць Цэнтрвыбаркам правесці праверку па гэтым факце, прыняць меры і абавязаць газету "Гродзенская праўда" апублікаваць цалкам рашэнне адміністрацыі Кастрычніцкага раёна ў адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам. Акрамя таго, ён прапануе ЦВК выпрацаваць алгарытм па недапушчэнні надалей грубага парушэння арт. 13 ВК пры працэдуры стварэння ўчастковых камісій і інфармавання выбаршчыкаў.

Таксама Юргель просіць публікаваць на афіцыйных інтэрнэт-сайтах райвыканкамаў, Гродзенскага гарвыканкама ў рубрыцы "Выбары" інфармацыю пра дату, час і месца правядзення першых арганізацыйных пасяджэнняў створаных участковых камісій па выбарах іх кіруючага складу (старшыні, намесніка і сакратара).

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары