Назіральнік: Месцаў для агітацыі ў Віцебску замала, і яны – непрыдатныя
Віцебскі гарвыканкам 30 чэрвеня прыняў рашэнне №730, у якім пералічыў месцы для правядзення кандыдатамі на прэзідэнцтва і іх даверанымі асобамі масавых мерапрыемстваў для перадвыбарчай агітацыі. Такіх месцаў у Віцебску ўсяго тры, піша "Віцебская Вясна". Ці прыдатныя і зручныя яны для правядзення агітацыйных сходаў, мітынгаў ды пікетаванняў?
Паводле дакументу, агітацыйныя масавыя мерапрыемствы па-за памяшканнямі можна праводзіць: у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў (у раёне цэнтральнай сцэнічнай пляцоўкі), у парку Мазурына ("Комплекс культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі" ЦК "Віцебск" – цэнтральная сцэнічная пляцоўка) і ў парку 30-годдзя УЛКСМ (за СДзЮШАР "Камсамолец" у раёне скрыжавання алей).
Сярод дрэваў і кустоў
Гэтыя месцы вельмі нязручныя для правядзення агітацыйных сходаў, бо знаходзяцца па-за асноўнымі транспартнымі камунікацыямі гораду.
Да прыкладу, "Комплекс культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі" знаходзіцца за тры кілямэтры ад гарадской мяжы ў лясным масіве, куды з Віцебску ходзіць толькі адзін аўтобус, дый той з інтэрвалам у 20-30 хвілін. На вызначанай пляцоўцы могуць змясціцца максімум 1200 чалавек.
Да месца ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў таксама дабрацца няпроста. Каля цэнтральнай сцэны могуць сабрацца хіба 300-350 чалавек.
Але ж самае непрыстасаванае месца для правядзення масавых мерапрыемстваў – гэта Парк 30-годдзя УЛКСМ. Парк размешчаны далёка ад цэнтру і густанаселеных раёнаў гораду. Месца на скрыжаванні дзвюх вузкіх асфальтавых дарожак атачаюць дрэвы і кусты. Там адсутнічае сцэнічнае ўзвышэнне, што робіць правядзенне перадвыбарных агітацыйных мітынгаў праблематычным і нават немагчымым.
Максімум там могуць змясціцца 200-250 чалавек.
14 памяшканняў. Але ці змесцімся?
У рашэнні Віцебскага гарвыканкаму пералічваюцца таксама памяшканні для правядзення сустрэч кандыдатаў у прэзідэнты з выбарцамі, а таксама – для перадвыбарчых сходаў.
Гэта 14 памяшканняў, якія раскіданыя па горадзе і якімі "апякуюцца" дзяржаўныя прадпрыемствы і ўстановы. Перадусім – навучальныя ўстановы, дзе ў ліпені будуць праходзіць рамонты да навучальнага года, адміністрацыя якіх будзе знаходзіцца ў чарговых адпачынках. Таксама – бібліятэкі з невялікай змяшчальнасцю і абмежаваннем часу працы. Паводле ацэнкі назіральніка Леаніда Свеціка, у гэтых памяшканнях змогуць змясціцца ад 30 да 250 чалавек. Пералічваем іх:
- Актавая заля культурна-спартыўнага цэнтру "Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі" (вул. Някрасава, 2а / 46).
- Глядзельная заля Палацу культуры Руба (вул. Цэнтральная, 7).
- Актавая заля ВДУ імя П.М. Машэрава (пр-т Маскоўскі, 33).
- Заля паседжанняў адміністрацыйна-бытавога корпусу Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжу (вул. Лазо, 11-36).
- Кабінет №5 СШ №9 (вул. Школьная, 4).
- Актавая заля СШ №24 (вул. 1-я Набярэжная, 2).
- Актавая заля СШ № 45 (вул. Чкалава, 47А).
- Актавая заля СШ № 46 (вул. Багатырова, 5).
- Актавая заля Віцебскай абласной бібліятэкі імя Леніна (вул. Леніна, 8А).
- Чытальня Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя М.Горкага (пр-т Фрунзэ, 30А).
- Чытальня бібліятэкі імя Маякоўскага (вул. Гагарына, 33А).
- Чытальня дзіцячай бібліятэкі імя Караткевіча (пр-т Маскоўскі, 64).
- Заля клубу "Юнацтва" Віцебскага гарадскога цэнтру дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі" (пр-т Маскоўскі, 74, к.1).
- Актавая заля філіялу "Натхненне" (вул. М. Горкага, 59в).
Між тым, вялікія канцэртныя залі, якія б маглі змясціць 1000 і больш чалавек, не ўваходзяць у пералік дазволеных памяшканняў.
Магчымасцяў паменела
Калі параўноўваць з прэзідэнцкімі выбарамі, якія праходзілі ў 2015 годзе, то можна адзначыць, што тады пералік месцаў для агітацыі вызначалі адміністрацыі раёнаў Віцебску. У 2020 годзе пералік зацвярджае выключна Віцебскі гарадзкі выканаўчы камітэт – для ўсяго гораду. Колькасць месцаў для правядзеньня масавых мерапрыемстваў (сходаў па-за памяшканнямі, мітынгаў, пікетаванняў) значна зменшылася. Напрыклад, толькі ў Кастрычніцкім раёне Віцебску ў 2015 годзе можна было легальна збірацца ў шасці месцах. У 2020-м – вызначана адно месца на ўвесь раён!
Такая ж карціна з памяшканьнямі для сустрэч. Пяць гадоў таму сустрэчы з выбарцамі ў Кастрычніцкім раёне можна было праводзіць у шасці залях, у 2020 годзе – дазволілі толькі ў трох.
"Можна сцвярджаць, што ў параўнанні з папярэднімі выбарамі прэзідэнта краіны магчымасці для правядзення агітацыйнай кампаніі ў Віцебску знізіліся. Колькасць месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў і сустрэч у памяшканнях адчувальна зменшылася, а прыстасаванасць памяшканняў для правядзення сустрэч кандыдатаў з выбарцамі пагоршылася. І гэта нэгатыўна можа паўплываць на якасьць і эфэктыўнасьць агітацыйных імпрэзаў", - адзначае Леанід Свецік.