Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Мінгарвыбаркам парушыў тэрміны адказу на скаргу. Але абскардзіць гэта нельга

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Мінская гарадская камісія па выбарах Прэзідэнта больш чым у два разы перавысіла тэрмін на прадастаўленне адказу на скаргу назіральніка кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Аляксея Лойкі.

З 20 па 27 чэрвеня Фрунзенская раённая у Мінску камісія па выбарах праводзіла праверку подпісаў асобаў, якія вылучаюцца ў кандыдаты ў Прэзідэнты. Старшыня камісіі Аляксандр Хіжняк забараніў прысутнічаць назіральніку пры праверцы подпісаў. Па выніках праверкі ўсе подпісы, здадзеныя ў падтрымку Віктара Бабарыкі (47 190) і Валерыя Цапкала (17 853), былі прызнаныя камісіяй несапраўднымі.

Аляксей Лойка абскардзіў у Мінгарвыбаркам нядопуск да праверкі подпісаў. 25 чэрвеня скарга была ўручана вышэйстаячай камісіі.

2 ліпеня Мінгарвыбаркам паведаміў назіральніку, што "прававых падстаў аб правядзенні праверкі і прызнанні забароны на прысутнасць пры праверцы подпісаў незаконнай, не маецца". Таксама камісія ўпэўненая, што назіральнік мае права толькі на тыя дзеянні, якія вызначаны артыкулам 13 Выбарчага кодэкса. Мінгарвыбаркам таксама падкрэсліў у адказе, што пазіцыя назіральніка ў дачыненні да працы Фрунзенскай выбарчай камісіі адлюстроўвае яго асабістае меркаванне. Здавалася бы — звычайная адпіска, толькі пры яе падрыхтоўцы камісія больш чым у два разы перавысіла прадугледжаны заканадаўствам тэрмін на прадастаўленне адказу.

Назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксей Лойка распавядае, што з моманту ўручэння скаргі да прадастаўлення адказу прайшло 7 дзён. Дзеянні Менгарвыбаркама парушаюць палажэнні ч. 3 арт. 49-1 Выбарчага кодэкса, згодна з якім звароты аб парушэнні заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб выбарах, якія паступілі ў камісіі, дзяржаўныя органы і арганізацыі, разглядаюцца ў трохдзённы тэрмін з дня паступлення звароту. Звароты, у якіх утрымліваюцца звесткі, якія патрабуюць праверкі, разглядаюцца не пазней чым у дзесяцідзённы тэрмін са дня паступлення.

Аляксей Лойка звярнуўся з гэтай нагоды ў Цэнтрвыбаркам, дзе яму адказалі, што Мінгарвыбаркам павінен даваць адказ на працягу тэрміну, які прадугледжаны для зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб. Больш таго, яму паведамілі, што правоў у назіральніка на абскарджанне парушэнні тэрмінаў на прадастаўленне адказу няма.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары