Фрунзенскі выбаркам Мінска паведаміў аб масавых адкліканнях подпісаў. Аднак падрабязную інфармацыю пакінуў у таямніцы
Назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксей Лойка на адным з паседжанняў Фрунзенскага выбаркама Мінска звярнуў увагу, на тое, што старшыня камісіі Аляксандр Хіжняк паказаў сваім калегам на неабходнасць пастаяннага дзяжурства ў сувязі са шматлікімі зваротамі грамадзян, у тым ліку па адкліканні свайго подпісу, пастаўленай у падтрымку асобы, якая вылучаецца ў кандыдаты. Аляксей Лойка звярнуўся ў Фрунзенскі выбаркам з просьбай даць звесткі аб колькасці такіх зваротаў і ў чыю падтрымку ставіліся такія подпісы.
Згодна з ч. 1 арт. 13 Выбарчага кодэксу выбары ў Беларусі праводзяцца на падставе прынцыпу адкрытасці і галоснасці. Менавіта на гэтай падставе назіральнік звярнуўся са зваротам у камісію. Аднак прамога адказу на сваю просьбу аб прадастаўленні звестак аб адкліканых подпісах ён не атрымаў.
Фрунзенскі выбаркам Мінска паведаміў назіральніку, што "згодна з артыкулам 61 ВК выбаршчыкі, якія вылучылі кандыдата ў прэзідэнты, маюць права да здачы падпісных лістоў у раённую, гарадскую, раённую ў горадзе камісію па выбарах Прэзідэнта зняць свае подпісы ў падпісных лістах, падаўшы аб гэтым заяву ў названыя камісіі".
Старшыня камісіі Аляксандр Хіжняк у адказе падкрэсліў: "Усе паступіўшыя ў камісію (па 19 чэрвеня 2020 г. уключна) заявы выбаршчыкаў аб зняцці сваіх подпісаў у падпісных лістах разгледжаны ва ўстаноўленым парадку. Заяўнікам дадзены пісьмовы адказ".