Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Як асвятляюць прэзідэнцкія выбары інфармацыйныя сайты Брэста

Тэма выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прысутнічае практычна на ўсіх інфармацыйных сайтах горада над Бугам. Між тым, просты аналіз публікацый сведчыць аб розных падыходах у асвятленні сёлетняй электаральнай кампаніі.

Сайт Брэсцкай абласной газеты “Заря”  практычна штодня змяшчае матэрыялы выбарчай тэматыкі, пераважна карыстаючыся інфармацыяй дзяржаўнага агенцтва БЕЛТА. Аднак час ад часу тут друкуюцца ўласныя матэрыялы і нават "вострыя" памфлеты, як напрыклад матэрыял пра масавае прызнанне сабраных подпісаў несапраўднымі – “А праблема та дутая”.

Аўтар сцвярджае, што “сярэднестатыстычнаму беларускаму грамадзяніну часта “засоўваецца” тэзіс аб масавым прызнанні сабраных подпісаў несапраўднымі. Аднак гэта з лёгкасцю абвяргаецца на месцах: подпісы, калі і анулююцца, то па важкіх ўважлівых прычынах”.

Няшмат інфармацыі пра выбары яшчэ на адным афіцыйным сайце - "Брестский вестник". Акрамя інфаграфікі ў Каляндарным планам правядзення выбарчай кампаніі тут змяшчаецца афіцыйная інфармацыя гарадскіх уладаў і паведамленні выбарччых камісій горада.

Сайты Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта і Брэсцкага гарвыканкама змяшчаюць пераважна афіцыйную інфармацыю мясцовых органаў улады, Цэнтральнай камісіі па выбарах, рашэнні мясцовых выбарчых камісій, пазбягаючы пры гэтым вострых і палемічных тэм.

Раздзелы, прысвечаныя выбарчай кампаніі створаны таксама на многіх іншых інфармацыйный сайтах: “Віртуальны Брэст”, “Брестская газета”, “Вечерний Брест”.

Матэрыялы, размешчаныя ў адпаведных рубрыках даюць чытачу ўяўленне не толькі пра розныя этапы выбарчай кампаніі, але і аб грамадска-палітычным фоне ў горадзе пад час выбараў, пра дзейнасць выбарчых штабоў вылучэнцаў у кандыдаты Святланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы.

Асвятляюцца таксама масавыя мерапрыемствы ў ходзе выбарчай кампаніі і затрыманні іх удзельнікаў.

Як правіла, інфармацыя аб выбарах прэзідэнта аднаўляецца практычна штодня, яе колькасць павялічваецца па меры набліжэння да дня галасавання, якое пройдзе 9 жніўня.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Каментары