Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Пракуратура не стала разбірацца са скаргай назіральніка, а аблвыканкам не заўважыў парушэнняў

Павел Левінаў. Фота DW
Павел Левінаў. Фота DW

Яшчэ 21 траўня доўгатэрміновы назіральнік кампаніі “Праваабронцы за свабодныя выбары” Павел Левінаў звяртаўся ў пракуратуру г. Віцебска на парушэнне прынцыпу галоснасці і адкрытасці пры фарміраванні раённых камісій па выбарах прэзідэнта ў горадзе. Назіральнік хацеў прысутнічаць на пасяджэнні прэзідыўма Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў і Віцебскага гарвыканкама 19 траўня, на якім павінны былі быць сфармаваныя раёныя камісіі. Пры гэтым ў Паўла Левінава быў ліст ад РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт” аб накіраванні яго на дадзенае паседжанне.

Аднак старшыня гарвыканкама Вадзім Заранкін абвінаваціў назіральніка ў тым, што ён нібыта хоча здзейсніць правакацыю і сарваць сумеснае пасяджэнне, і патрабваў, каб Паўла Левінава выдалілі з залі. Што і было зроблена.

“Такім чынам, сумеснае пасяджэнне, на якім былі сфармаваныя раённыя камісіі ў горадзе Віцебку, прайшло з парушэннем прынцыпаў адкрытасці і галоснасці, што замацаваныя ў заканадаўстве”, – адзначаў у сваёй скарзе назіральнік і прасіў пракурора горада прынесці акт пракурорскага нагляду ў дачыненні да старшыні гарвыканкаму Вадзіма Заранкіна.

Аднак пракурор горада Юры Раманоўскі не стаў разбірацца са зваротам Паўла Левінава і перанакіраваў яго старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалаю Шарстнёву.

Адказ назіральніку атрымаў ад 30 чэрвеня з Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама. У ім значыцца, што згодна з выбарчым заканадаўствам на пасяджэннях органаў, што фарміруюць камісіі, маюць права прысутнічаць прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, грамадзянаў, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісій.

“Згодна з інфармацыяй Віцебскага гарвыканкама, дакументаў, якія ўказваюць на вылучэнне кандыдатаў у склад камісіі ад арганізацыі, чые інтарэсы Вы прадстаўляеце, прадстаўлена не было.

З улікам выкладзенага, падстаў для прыняцця мераў рэагавання ў дачыненні да старшыні Віцебскага гарвыканкама няма”, – адзначаецца ў адказе за подпісам начальніка ўпраўлення Генадзя Ягорава.

Павел Левінаў не згодны з такім адказам на сваю скаргу і накіраваў зварот у пракуратуру па Віцебскай вобласці.

“У дачыненні да грамадзян Рэспублікі Беларусь пракурор горада Віцебска не лянуецца выносіць афіцыйныя папярэджанні, а калі справа тычыцца дзяржаўнага органа, то ўхіляецца ад прынясення пракурорскага нагляду”, - падкрэслівае назіральнік у скарзе.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары