Абласная ТВК Гарадзеншчыны вызначыла колькасць подпісаў
Пасяджэнне абласной ТВК 1 ліпеня, на якім прысутнічаў прадстаўнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Раман Юргель, адбылося за 35 хвілін. Кворум быў з 13 чалавек. Прысутнічалі назіральнікі з “Белай Русі” Святлана Вараніца, ФПБ дзяржаўных устаноў – Алена Бераснева, ГА ветэранаў вайны ў Афганістане – Сяргей Хацук і ад БРСМ.
У раённыя камісіі вобласці былі здадзены подпісы выбаршчыкаў у падтрымку прэтэндэнтаў ад 7 ініцыятыўных груп. Назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за справядлівыя выбары” пісалі адпаведныя заявы у ТВК, каб прысутнічаць пры працэдуры праверкі подпісаў выбаршчыкаў, назіраць за працэсам, але у гэтым ім было адмоўлена.
На падставе пратаколаў раённых камісій, абласная камісія склала пратаколы аб устанаўленні колькасці грамадзян, якія паставілі свае подпісы у падтрымку прапановы аб вылучэнні кандыдата ў прэзідэнты па вобласці.
Паступілі у абласную ТВК пратаколы, у якіх устаноўлена колькасць выбаршчыкаў і пастаўленых подпісаў у падтрымку:
- Віктар Бабарыка. Здадзена 18 311 подпісаў, залічана – 8 885.
- Андрэй Дзмітрыеў. Здадзены 1052 подпісы, залічана – 476 подпісаў.
- Ганна Канапацкая. Здадзена 339 подпісаў, залічана – 337.
- Аляксандр Лукашэнка. Здадзена 317 810, залічана – 314 074.
- Святлана Ціханоўская. Здадзена 10 812, залічана – 10 430 подпісаў.
- Валерый Цапкала. Здадзена 27 601, залічана – 14 408 подпісаў.
- Сяргей Чэрачэнь. Здадзена 21386, залічана – 20 880.
Такім чынам былі забракаваныя подпісы за Віктара Бабарыку па Кастрычніцкім раёне Гродна і Валерыя Цапкалу па Ленінскім раёне Гродна.
Галасавалі па усіх пытаннях сябры Гродзенскай абласной ТВК адзінагалосна. Асабістых меркаванняў і заўваг не было. У Гродзенскую абласную ТВК скаргаў, прапаноў, заўваг ад каардынатараў ініцыятыўных груп, штабоў, каманд прэтэндэнтаў, выбаршчыкаў не паступала.