Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

"Правільныя" камісіі, якія вырашаюць усё. Назіральнікі прааналізавалі УВК на Гарадзеншчыне

Гарадзенскія назіральнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" прааналізавалі працэс утварэння і склад участковых выбарчых камісій.

grodna_uvk.jpg
Фарміраванне УВК у Гродне

Дэмаграфічны крызіс і змяншэнне колькасці ўчастковых камісій і іх сябраў

Насельніцтва Гарадзенскай вобласці працягвае скарачацца. Так, па дадзеных перапісу 2020 года яно складае 1 026 800 чалавек (у 2015 годзе – 1 052 588). Апошнія гады колькасць памерлых на Гарадзеншчыне перавышае колькасць народжаных. Таму і зменшылася колькасць выбаршчыкаў і участкаў для галасавання да 656 (у 2015 годзе іх было 692). Суадносна зменшылася і колькасць сябраў учасковых камісій да 7576 (у 2015 годзе было 8164).

Усяго па вобласці у склад 656 УВК вылучалася 8270 чалавек, (у 2015 годзе – 9460), у тым ліку 4791 (у 2015 – 4271) – ад палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў. ПБНФ – 15 (у 2015 – 6), БСДП Грамада 12 (у 2015 – 4), АГП 17 (у 2015 – 25), ГА БНФ-Адраджэнне – 8 (у 2015 – 11), ЛДП – 10, КПБ – 43 (2015 – 42), Беларуская аграрная партыя – 3, “Белая Русь” – 565 (2015 – 567), БРСМ – 575 (у 2015 – 427), БСЖ – 602 (2015 – 583), Беларускі фонд міру – 380, Беларускае ГА ветэранаў – 424 (2015 – 487), ФПБ – 1790 (2015 – 1792), ад працоўных калектываў – 674 (у 2015 – 686), ад грамадзян шляхам падачы заяў – 2805 (у 2015 – 4203). Бачна, што ў параўнанні з мінулымі прэзідэнцкімі выбарамі  колькасць вылучаных па заявах грамадзян істотна зменшылася. 

Склад камісій: аніводнага апазіцыянера, толькі правераныя "кадры"

У склад 656 камісій, (у 2015 – 692) згодна з колькасцю участкаў для галасавання, утвораных на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, увайшлі 7576 чалавек (2015 – 8164), жанчын – 5 614 (2015 – 5809), дзяржаўных службоўцаў – 387 (у 2015 – 392). У тым ліку 4559 –(2015 – 4144) ад палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў, ад КПБ – 41 (2015 – 40), Аграрная партыя – усе 3 увайшлі. Уключаныя усе ад ФПБ – 1769 (у 2015 – 1792). Ад працоўных калектываў – 599 (у 2015 – 561), ад грамадзян шляхам падачы заяў – 2418 (у 2015 – 3459). Ад апазіцыйных партый не ўвайшоў аніводны (!) чалавек, хоць вылучалася 52 чалавекі па вобласці.

Больш усяго уключана ад галіновых прафсаюзаў – 1769 (у 2015 – 1792). У кожнай УВК будзе прысутнічаць член “Белай Русі” – усяго 564 (у 2015 – 557), БРСМ – 464 (у 2015 – 400). Беларускага саюзу жанчын – 597 (у 2015 – 577). Ад Беларускага ГА ветэранаў – 417 (у 2015 – 393), ад Беларускага фонду міру – 376 (у 2015 – 360). Колькасць вылучэнцаў ад працоўных калектываў – 599 (у 2015 – 561) павялічылася на 5% - 34.

Колькасць жанчын ва ўчастковых камісіях вырасла да 74%

Пры гэтым колькасць дзяржслужбоўцаў у камісіях амаль што такая ж самая – 387 (у 2015 – 392), павялічылася колькасць уключаных ад прадзяржаўных ГА і партый – 4559 (у 2015 – 4144). Зменшылася колькасць уключаных па заявах грамадзян – 2418 (у 2015 – 3459).

Адсотак жанчын у камісіях узрос на 3% да 74,1% (у 2015 годзе было 71,2%). 5,5 % – грамадзяне ва ўзросце да 30 гадоў.

Склад УВК па вобласці істотна не змяніўся ў параўнанні з папярэдняй прэзідэнцкай кампаніяй. У іх увайшлі усе тыя, хто працаваў раней у камісіях па выбарах усіх роўняў. Склад УВК на 93% супадае са складам 2015 і на 97% з выбарамі 2019 году ў Палату прадстаўнікоў, паміж некаторымі камісіямі адбылася ракіроўка. Сфармаваныя УВК пераважна па працоўным прынцыпе, з працоўных калектываў і такога ж падпарадкавання, як і на працы. У некаторых камісіях па 2-3 дзяржслужбоўцы, якія з’яўляюцца не толькі кіраўнікамі камісій, але і кіраўнікамі справаў райвыканкамаў. 

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары