Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Віцебская вобласць: склад УВК не надта адрозніваецца ад кампаніі 2015 года

У межах кампаніі “Праваабронцы за свабодныя выбары” правялі параўнальны аналіз фарміравання ўчастковых камісій у Віцебскай вобласці падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў 2015 і гэтым годзе.

Колькасць выбарчых участкаў і членаў камісій зменьшылася

Калі на мінулых выбарах было створана 848 выбарчых участкаў, то ў гэтым годзе ў вобласці сфармавалі толькі 750 участкаў. Суадносна зменьшылася і колькасць членаў участковых выбарчых камісій – з 10 373 у 2015 годзе да 9217 чалавек у бягучым годзе.

Пры гэтым колькасць дзяржслужачых у камісіях скарацілася нязначна – было 368 чалавек на папярэдніх выбарах і 347 – на гэтых.

Адсотак жанчын у камісіях амаль на тым жа ўзроўні

Цікава, што колькасць жанчын у камісіях як і раней складае значны адсотак ад агульнай колькасці і складае 69,3% у бягучай выбарчай кампаніі (у 2015 годзе было 70,8%).

Вылучэнцаў ад грамадскіх аб’яднанняў стала больш

Па спосабе вылучэння ва ўчастковыя выбарчыя камісіі:

  • ад грамадзянаў было вылучана амаль на 500 чалавек меней, чым у кампанію 2015 года (3650 супраць 4134 чалавек);
  • колькасць вылучэнцаў ад працоўных калектываў скарацілася амаль удвая – толькі 862 чалавекі сталі членамі камісій, у той час, як на папярэдніх выбарах такіх было 1677 чалавека;
  • а вось колькасць вылучаных ад грамадскіх аб’яднанняў нават павялічылася 4705 чалавек у гэтым годзе супраць 4562 – на папярэдніх выбарах.

З палітычных партый лідзіруе Камуністычная партыя Беларусі, якая вылучыла 60 сваіх прадстаўнікоў у вобласці (на 8 чалавек больш, чым у 2015 годзе). Ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці ў склад камісій увайшлі 21 чалавек (на 2 чалавекі больш, чым у папярэднюю кампанію). Толькі тры чалавекі ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” і адзін вылучэнец Партыі БНФ будзе падлічваць галасы выбаршчыкаў (у 2015 годзе ад БСДП быў адзін чалавек, а ад БНФ ніхто не быў уключаны).

Колькасць вылучэнцаў ад грамадскіх арганізацый змянілася нязначна. Найбольшая колькасць грамадзянаў, як і ў папярэднюю прэзідэнцкую кампанію, у камісіі была вылучаная прафсаюзамі – 1634 чалавекі (1750 чалавек у 2015 годзе). Амаль у кожнай УВК будзе прысутнічаць член “Белай Русі” і БРСМ – 621 (менш на 27 челавек, чым у 2015 годзе) і 571 (больш на 18 чалавек, чым у 2015 годзе) былі вылучаныя адпаведна. Не абыйдзецца без прадстаўніц з Беларускага саюза жанчын, якіх у склад камісій увайшло 477, што на 79 чалавек больш, чым прыняла ўдзел у папярэдняй кампаніі.

А вось колькасць сябраў ветэранскіх арганізацый, вылучаных у камісіі, амаль не змянілася: у 2015 годзе было 554 чалавек, а ў гэтым годзе – 556 чалавек.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары