АГП абскарджвала неўключэнне прадстаўнікоў ва УВК, але безвынікова
Аб'яднаная грамадзянская партыя звярнулася ў суды са скаргамі на неўключэнне яе прадстаўнікоў у склады ўчастковых выбарчых камісій у Магілёве і Бабруйску.
Толькі ў Магілёве абласная арганізацыя АГП вылучыла 38 сваіх прадстаўнікоў – па адным у кожную ўчастковую камісію. Бабруйская гарадская арганізацыя АГП вылучыла і таго больш – 80 прадстаўнікоў ва УВК г. Бабруйска. Але ва ўчастковыя камісіі ўвайшлі правераныя ўладамі людзі, як правіла з аднаго працоўнага калектыву.
Скаргі разглядаў суд Кастрычніцкага раёна г. Магілёва 26 чэрвеня, суд Ленінскага раёна г. Магілёва 29 чэрвеня. У судах Ленінскага і Першамайскага раёна г. Бабруйска таксама прайшлі разгляды скаргаў 26 і 29 чэрвеня.
Назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Барыс Бухель адзначыў, што судовыя паседжанні працягваліся дастаткова доўга, асабліва ў Бабруйску – з раніцы і да самага вечара. Але належнага выніку ўсё роўна не прынеслі.
Суды адмовілі ў задавальненні ўсіх пададзеных партыяй скаргаў.
Усяго ў Магілёўскай вобласці было сфарміравана 731 участковая камісія, у склад якіх увайшло 8110 чалавек. Сярод членаў камісій – 72 чалавекі вылучана дзвюма праўладнымі партыямі: 28 – Камуністычнай партыяй Беларусі і 44 – Рэспубліканскай партыяй працы і справядлівасці.