Мінскія айцішнікі абскардзілі неўключэнне свайго калектыву ва ўчастковыя камісіі
У судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска 29 чэрвеня адбыўся разгляд скаргі працоўнага калектыву ТАА "АтлантКонсалтСофт" на не ўключэнне сваіх пяці супрацоўнікаў ва ўчастковыя камісіі, утвораныя на паседжанні адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска 23 і 24 чэрвеня. Як адзначаюць праваабаронцы, працоўныя калектывы не часта абскарджваюць рашэнні па выбарах.
На судовым паседжанні прысутнічаў назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Аляксей Лойка. Інтарэсы калектыву "АтлантКонсалтСофт" у судзе прадстаўляў вядучы інжынер Яўген Жамойдзін. Працэс вёў суддзя Мікалай Ліпневіч. Адміністрацыю Фрунзенскага раёна Мінска прадстаўлялі начальніца аддзела арганізацыйна-кадравай работы Т. Мышкова і загадчыца юрыдычнага аддзела Я. Петражыцкая.
Як абгрунтавалі сваю скаргу айцішнікі?
На судзе прадстаўнік "АтлантКонсалтСофт" заявіў, што ўсе пяць участковых выбарчых камісій, у якія працоўны калектыў накіроўваў сваіх прадстаўнікоў, былі сфармаваныя "па вытворчым прынцыпе": усе члены калектыву звязаны працоўнымі адносінамі з дырэктарамі ўстановаў, якія таксама ўключаны ў УВК. У якасці доказаў Жамойдзін прасіў назваць месцы працы ўсіх вылучэнцаў, якія ўвайшлі ў склад камісій. Аднак прадстаўніца адміністрацыі Т. Мышкова запярэчыла, абгрунтаваўшы гэта, што "у заяўніка быў час азнаёміцца з матэрыяламі аб вылучэнні ў склад камісій". Суддзя Ліпневіч прыняў рашэнне не называць месцы працы членаў УВК, ва ўключэнні ў якую было адмоўлена прадстаўнікам "АтлантКонсалтСофт".
Як адзначыў Яўген Жамойдзін, гэтыя абставіны сведчаць аб дыскрымінацыйным падыходзе, які прысутнічаў пры фармаванні ўчастковых камісій. На дыскрымінацыйны падыход, на думку заяўніка, указвае і тое, што камісіі, у якіх працоўны калектыў вылучаў сваіх сябраў, на 70% і вышэй адсоткаў складаюцца з членаў, якія былі ўключаны ў УВК на парламенцкіх выбарах увосень.
Прадстаўнік "АтлантКонсалтСофт" таксама звярнуў увагу суддзі на тое, што ўсе ўчастковыя камісіі, у якіх працоўны калектыў вылучаў сваіх прадстаўнікоў, былі ўтвораны ў колькасці 13 чалавек. Пры гэтым артыкул 34 Выбарчага кодэкса прадугледжвае магчымасць утварэння УВК у колькасці ад 5 да 19 чалавек. Яўген Жамойдзін са спасылкай на артыкул 23 Канстытуцыі пераконваў суд у тым, што адміністрацыя не мела падставаў адмаўляць працоўнаму калектыву "АтлантКонсалтСофт" і павінна была зрабіць усе пяць камісій у колькасці 14 чалавек.
Таксама Яўген Жамойдзін адзначыў, што на пасяджэнне адміністрацыі па фармаванні ўчастковых камісій не былі запрошаныя зацікаўленыя суб'екты, а інфармацыя пра час і месца анлайн-трансляцыі не была апублікаваная за два дні да пачатку пасяджэння, што супярэчыць патрабаванням Пастановы Цэнтральнай камісіі па выбарах №16 ад 8 траўня 2020 г. Прадстаўнік "АтлантКонсалтСофт" мяркуе, што такім чынам былі парушаныя правы, якія вынікаюць з п. 5 арт. 34 Выбарчага кодэкса, згодна з якім на паседжанні органаў, якія ўтвараюць камісіі, маюць права прысутнічаць прадстаўнікі працоўных калектываў, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісіі.
Акрамя гэтага, абскарджваецца рашэнне камісіі ад 24 чэрвеня 2020 г. вынесена з парушэннем, паколькі рашэнне аб уключэнні ў склад участковых камісій з 1 па 62 прымаліся на паседжанні 23 чэрвеня 2020 г., на рашэнні стаіць адна дата: 24 чэрвеня 2020 г.
На думку прадстаўніка ТАА "АтлантКонсалтСофт", прыведзеных абставінаў дастаткова для задавальнення іх скаргі.
Што адказала ім адміністрацыя Фрунзенскага раёна Мінска?
На думку начальніцы арганізацыйна-кадравай работы Т. Мышковай, заканадаўства не ўтрымлівае дакладных крытэрыяў, якія вызначаюць уключэнне ў склад УВК.
"Кожны з членаў адміністрацыі вызначыў для сябе тыя ці іншыя крытэрыі адбору для кандыдатаў у склад членаў участковых камісій", — заявіла прадстаўніца адміністрацыі.
Яна прызнала, што аб'яву аб паседжанні Адміністрацыі па фармаванні ўчастковых камісій, было вывешана за некалькі гадзін да пачатку трансляцыі. Мышкова на судзе сцвярджала, што раней гэта зрабіць было немагчыма.
Што тычыцца колькасці членаў у камісіях, то Мышкова спаслалася на рашэнне адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска ад 06 чэрвеня 2020 г., згодна з якім гранічны памер членаў участковых камісій складае 13 чалавек і з'яўляецца аптымальным. Па яе словах, на двух участках (радзільны дом і інфекцыйная бальніца) колькасць членаў камісіі складае пяць чалавек.
Якое рашэнне прыняў суд?
У выніку суддзя Мікалай Ліпневіч не знайшоў падставаў для задавальнення скаргі працоўнага калектыву ТАА «АтлантКонсалтСофт» на рашэнне Адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска аб уключэнні іх прадстаўнікоў у склад участковых камісій. Дадзенае рашэнне суда ўступае ў сілу неадкладна і не падлягае абскарджанню або апратэставанню.
Акрамя гэтага, як паведамляе назіральнік Аляксей Лойка, 29 чэрвеня суд Фрунзенскага раёна Мінска разгледзеў яшчэ чатыры скаргі грамадзян і прадстаўнікоў партыі БНФ на рашэнні Адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска аб неўключэнні іх у склад участковых камісій.