Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Астраўцы альтэрнатыўныя прадстаўнікі ў выбарчыя камісіі не ўключаны

23  чэрвеня на зачыненым з прычыны пандэміі пасяджэнні Астравецкага райвыканкама сфармаваны склад участковых камісій раёна па выбарах прэзідэнта. Альтэрнатыўныя кандыдатуры вызначаным яшчэ на стадыі падрыхтоўкі праекта рашэння ў склад камісіі не уключаны. 

astravecpasedzh.jpg
Галасаванне супраць уключэння у склад Варнянскай участковай камісіі №8 кандыдатуры кіраўніка абласной арганізацыі АГП Міколы Уласевіча.

Так, ад  Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў камісіі вылучалася 6 чалавек. Асобу аднаго яе прадстаўніка (жанчына) нават не выносілі на галасаванне, бо яшчэ да пасяджэння выканкама ў працэсе ацэнкі дакументаў было заўважана, што яна пабралася шлюбам і змяніла прозвішча. Гэта расцэнена як парушэнне выбарчага заканадаўства. Прагучала таксама яшчэ адна перашкода для ўключэння яе ў склад камісіі: жанчына неўзабаве чакае дзіця. Таксама па фармальных прычынах не выносілася на галасаванне кандыдатура ад абласной структуры РДАГА “Гавары праўду”, бо ў пратаколе аб вылучэнні не пазначаны юрыдычны адрас і тэлефон гэтага органа.

Заўважана, што нават пры наяўнасці альтэрнатыўных кандыдатур іх характарыстыкі не параўноўваліся з астатнімі, што яскрава сведчыць пра адсутнасць выразных крытэраў адбору ў склад камісіі. 

Для грамадскасці на сайце выканкама быў выстаўлены відэазапіс пасяджэння. Пры гэтым для запісу быў абраны такі ракурс, што можна было спраўдзіць асобы толькі двух з сямі сябраў выканкама. І не заўсёды было бачна, як яны галасавалі. 

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары