Толькі адзін вылучэнец ад апазіцыі трапіў ва УВК у Бярозаўскім раёне
Пасяджэнне Бярозаўскага райвыканкаму па фармаванню ўчастковых выбарчых камісіяў 24 чэрвеня адбылося у мэтах прафілактыкі распаўсюджвання коронавірусной інфекцыі ў закрытым рэжыме — пры адсутнасці прадстаўнікоў палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў, грамадзянаў, якія вылучалі сваіх прадстаўнікоў у склад УВК, сродкаў масавай інфармацыі і іншых запрошаных асобаў —— вялася анлайн-трансляцыя.
Трансляцыя на сайце Бярозаўскага райвыканкаму была даволі дрэннай якасці, ў некаторыя моманты завісала, а ў некаторыя моманты яе проста не было. Таму доўгатэрміновы назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за справядлівыя выбары” Сяржук Русецкі мусіў тэлефанаваць намеьніку старшыні Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі А. Крагелю, і той паабяцаў “вывесіць” запіс на сайце з іншай відэа-камеры. На жаль, хоць запіс і быў трошкі лепшай якасці, чым анлайн-трансляцыя, але было бачна, што відэа “рэзалі”. Само пасяджэнне (па анлайн-трансляцыі) працягвалася каля 2 гадзіны і 15 хвілінаў, а запіс доўжыўся ўсго 1 гадзіну 28 хвілінаў 30 секундаў.
З-за “скарачэнняў” у запісу часта немагчыма было зразумець, пра якую участковую камісію ідзе гаворка, пра фармаванне некалькіх УВК інфармацыя ў запісу наагул адсутнічае. Цяжка было разабраць некаторыя словы, фразы, асабліва назвы прадпрыемстваў, дзе працуюць прэтэндэнты ў склад УВК.
Альтэрнатыўныя прэтэндэнты ў склад УВК былі вылучаныя як мінімум на 7 выбарчых участках з 40 (недакладнасць звязаная з адсутнасцю інфармацыі пра фармаваньне некалькіх УВК ў запісу наагул). Адпаведна, верагодна, 33 УВК былі створаныя безальтэрнатыўна.
На выбарчых участках, дзе ў склад УВК не было альтэрнатыўных прэтэндэнтаў, агучвалася колькасьць вылучэнцаў (ад 7 да 15), гаварылася, што парушэньняў пры вылучэнні няма, адзінагалосна зацьвярджаўся колькасны склад УВК, а потым агучваліся толькі прозвішчы, імёны і імёны па бацьку чальцоў УВК і шлях іхняга вылучэння, і адзінагалосна зацвярджаўся склад УВК.
На большасці выбарчых участкаў, дзе ў склад УВК былі альтэрнатыўныя прэтэндэнты, вылучэнцаў было ўжо аж па 21, колькасны склад УВК зацьвярджаўся максімальным — 19, адбывалася персанальнае галасаванне па кожным прэтэндэнту (выбарчыя участкі №9, №10, №11, №12, №13). Пры гэтым агучваліся толькі прозвішчы, імёны і імёны па бацьку, а таксама шлях іхняга вылучэння. А на альтэрнатыўных прэтэндэнтаў і тое, што пенсіянер (ці месца працы), і год нараджэння, і адрэса.
З трох вылучэнцаў Берасцейскай абласной арганізацыі партыі БНФ уключылі толькі аднаго — Анатоля Сахарушу ва УВК выбарчага участку №28 (без персанальнага галасавання).
Ва УВК участка для галасаваньня №9 не патрапіў вылучэнец партыі БНФ Анатоль Беленко, які меў аднаразовы вопыт працы ва УВК на мінулых прэзідэнцкіх выбарах. Аднак пасяджэнне райвыканкаму вырашыла, што ён не шмат працаваў ва УВК, і адзінагалосна прагаласавала супраць ягонага уключэньня.
Ва УВК участка для галасавання №11 не патрапіла таксама вылучэнка партыі БНФ Тамара Шчапёткіна, бо “не мае вопыту працы ва УВК”. Пры гэтым былі ўключаныя іншых 5 прэтэндэнтаў, якія таксама не мелі вопыту працы ва ўчастковых камісіях.
Ва УВК участка для галасаваньня №10 не патрапіла і вылучэнка Беларускай сацыал-дэмакратычнай партыі (Грамады) Таццяна Тарасевіч, бо таксама не мае вопыту працы ў камісіях.
У склад УВК участкаў для галасаваньня №9, №10, №12, №13 (2 вылучэнцы), №14 (4 вылучэнцы), №16 не былі ўключаныя вылучэнцы ад грамадзянаў шляхам падачы заявы (зборам подпісаў) (усяго 10 вылучэнцаў). Двое з іх “не мелі вопыту працы ў УВК”, а ў астатніх — у дадзеных тых, хто іх вылучыў, у адрасе не быў указаны населены пункт (а ў аднаго і вуліцы), што не “дазваляла адназначна ідэнцыфіцыраваць месца жыхарства кожнага” таго, хто падпісаўся за вылучэнца.