Раённыя газеты Гарадзеншчыны: бесперапынная і сістэмная агітацыя за Лукашэнку
Раённыя газеты Гарадзенскай вобласці ў час выбарчай кампаніі вядуць адкрытую і сістэмную кампанію агітацыі за цяперашняга кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнку. Да такой высновы прыйшлі назіральнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", якія прааналізавалі асноўныя раёнкі.
Прыкладам на старонках “Астравецкай праўды” цяперашні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Віктар Свіла наўпрост расхвальвае “искренность, харизматичность, умение убеждать и вести за собой людей” Аляксандра Лукашэнкі. Размешчаны гэты матэрыял у рубрыцы "Выборы-2020".
У "Ашмянскім весніку" у рубрыцы "Выборы-2020" прамую агітацыю за Лукашэнку вядзе кіраўнік яго ініцыятыўнай групы Міхаіл Орда. Пры тым, пра іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты канешне не згадваецца.
Не адстае і ваўкавыская раённая газета "Наш час". На цэнтральным месцы яна змяшчае матэрыял БелТА, які зноў жа піярыць Аляксандра Лукашэнку.
"Воранаўская газета" таксама друкуе цэлы шэраг матэрыялаў БелТА, прысвечаных Аляксандру Лукашэнку.
А ў дзяржаўнай газеце Гарадзенскага раёну "Перспектива" Тамара Мазур адкрыта размясціла рэкламу пікету па зборы подпісаў за Лукашэнку ў горадзе Скідзель.
Аналагічныя матэрыялы пра два пікеты ў розныя дні размясціла Дзятлаўская раённая газета "Перамога". Артыкулы падпісаныя аўтарамі Ірына Леанідава і Таццяна Краска.
Больш прыхаваная агітацыя змешчана ў Зэльвенскай раённай газеце "Праца". Там расказваецца пра сустрэчы яшчэ з адным "дэпутатам" Палаты прадстаўнікоў Валянцінам Семянякам, які правёў іх у самым раённым цэнтры і ў аграгарадку Елкі. У "Працы" у рубрыцы "Выборы" перадрукавана таксама згаданае вышэй інтэрв'ю з Міхаілам Ордам. Змешчана яшчэ некалькі "агітак" вядомых людзей раёна "за стабільнасць".
"Іўеўскі край" стараецца не адставаць. На цэнтральным месцы сайту гэтай раённай газеты ажно тры матэрыялы, якія ўслаўляюць Лукашэнку.
Карэліцкая раённая газета "Полымя" за апошнія дні змяшчае ажно 4 матэрыялы дзяржаўнага агенцтва БелТА, прысвечаныя выказванням Аляксандра Лукашэнкі. У рубрыцы "Выборы-2020" яшчэ адзін дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Сонгін адкрыта не агітуе за Лукашэнку, але заклікае да таго, што "Важна ацаніць тое добрае, што ўжо зроблена. А зроблена нямала". Пры тым у старым савецкім стылі сцвярджае, што "спробы ачарніць тое добрае, што зроблена ў нашай маладой суверэннай дзяржаве, не могуць не адзывацца крыўдай у сэрцы кожнага шчырага працаўніка".
"Лідская газета" таксама надзвычай шырока асвятляе візіт Лукашэнкі на Гарадзеншчыну.
Наваградская раённая газета "Новае жыццё" публікуе белтаўскі матэрыял пад надзвычай характэрным загалоўкам "Александр Лукашенко никому не позволит сломать страну". Узникае натуральнае пытанне - Навошта тады нейкія выбары, рэгістрацыя кандыдатаў і ўсе іншыя выбарчыя працэдуры? У гэтым выданні яшчэ некалькі рэкламных матэрыялаў у гонар цяперашняга начальніка дзяржавы, а таксама публікацыя пра пікет у Наваградку - характэрна, што менавіта ў рубрыцы "Выборы-2020".
Мастоўская раённая газета "Зара над Нёманам" на сваім сайце і старонках таксама рэкламуе пікеты па зборы подпісаў за Лукашэнку.
А побач у "Зары над Нёманам" у матэрыяле ад 19 чэрвеня дэпутат раённага савету, генеральны дырэктар адзінага мясцовага сур'ёзнага прадпрыемства ААТ "Мастадрэў" Сяргей Асосаў цешыцца, што Лукашэнка пахваліў Гарадзеншчыну. "Стабильность и честный труд - основа благополучия" - пераконвае іншых дырэктар прадпрыемства і ганарыцца "союзными знамёнами, хранящимися в нашем музее".
Смаргонская раённая газета "Светлы шлях" таксама не шкадуе сваіх палосаў, публікуючы матэрыялы пра Аляксандра Лукашэнку.
Тое ж сама робіць і "Свіслацкая газета". Акрамя белтаўскіх публікацый яна размяшчае рэкламу пікету па зборы подпісаў за Лукашэнку.
Відавочна, што ўсе раённыя газеты Гарадзенскай вобласці цэнтралізавана атрымалі ад уладнай вертыкалі заданне максімальна рэкламаваць Аляксандра Лукашэнку, апошнімі днямі гэтыя публікацыі павялічыліся і сталі дамінуючымі.
Гарадзенскія ўдзельнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" перакананыя, што такім чынам выкарыстоўваецца дзяржаўнае службовае становішча, ідзе адкрытая датэрміновая агітацыя за Аляксандра Лукашэнку і выразна парушаецца выбарчае заканадаўства Рэспублікі Беларусь.