Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Уладзімір Лабковіч: Гэта не іх манастыр, гэта выбары

Уладзімір Лабковіч
Уладзімір Лабковіч

У Беларусі 24 чэрвеня скончыўся важны этап выбарчай кампаніі — фармаванне ўчастковых выбарчых камісій. Цяпер дакладна вядома, хто будзе лічыць галасы на прэзідэнцкіх выбарах-2020. Але чым запомніўся беларусам этап фармавання ўчастковых камісій — татальным недопускам самавылучэнцаў і прадстаўнікоў апазіцыі ў склад УВК, абмеркаваннем мінскімі чыноўнікамі ў прамым эфіры, за каго і як лепей галасаваць, і выказваннем старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, што “у чужы манастыр са сваім статутам не ходзяць”. А як ацэньвае гэты этап каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч?

“Гэты этап на сёлетняй кампаніі меў “усе хваробы”, якія мы назіралі на мінулых выбарчых кампаніях. Улады працягваюць захоўваць поўны кантроль за выбарчым працэсам, зводзячы яго да простай адміністрацыйнай працэдуры, дзе выбаршчыкам адводзіцца роля — прагаласаваць і не задаваць пытанняў.

Цяпер мы маем найменшы адсотак прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый ва ўчастковых камісіях у параўнанні з мінулымі выбарамі 2015 года. Гэты паказчык скараціўся ў пяць разоў. Цяпер гэта ўсяго шэсць чалавек. І нават разам з пяцю прадстаўнікамі ініцыятывы вылучэнца ў кандыдаты Віктара Бабарыкі “Честные люди”, дзе прайшло яшчэ пяць чалавек, камісіі застаюцца цалкам стырыльныя.

 Як і на мінулых выбарчых кампаніях захаваўся “вытворчы прынцып” пры фармаванні камісіяў, то бок калі ў камісіях аказваюцца людзі з аднаго прадпрыемства ці ўстановы.

Паказальнай з’яўляецца паседжанне адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска, дзе бачны паказушны штучны характар гэтай працэдуры. Сорамна глядзець, як дарослыя людзі сядзяць і крыўляюцца, што яны сапраўды абмяркоўваюць склад камісіі.

Красамоўна апісвае стаўленне ўладаў і выказванне старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай пра статут і манастыр. Але трэба разумець, што гэта не іх манастыр, гэта выбары, дзе ўдзельнічаюць усе грамадзяне. І пытанне даверу да камісіяў адно з асноўных кропак ацэнкі, наколькі выбары ў Беларусі сапраўды свабодныя і справядлівыя”.

Аналітычная справаздача аб назіранні за фарміраваннем участковых выбарчых камісій

Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт” і ПЦ “Вясна” ў рамках кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

 "Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары