Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Віцебск: Выбарчая кампанія прайшла траціну свайго шляху. Якія вынікі

Доўгатэрміновы назіральнік кампаніі "Праваабронцы за свабодныя выбары" Леанід Свецік на падставе дзейнасці Кастрычніцкай раённай выбарчай камісіі Віцебска прааналізаваў некалькі важных этапаў бягучай выбарчай кампаніі: збор подпісаў, іх праверку і фармаванне ўчастковых выбарчых камісій. 

Завяршыліся важныя этапы выбарчай кампаніі – збор подпісаў па вылучэньні кандыдатаў на пасаду Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і фармаваньне ўчастковых выбарчых камісій (УВК). Ужо можна казаць, што ў Кастрычніцкай раённай камісіі па выбарах Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у Віцебску падрыхтоўка і правядзеньне выбараў адбываецца ані адкрыта, ані галосна.

Толькі 7 з першапачатковых 15-ці ініцыятыўных груп здалі ў раённыя выбарчыя камісіі падпісныя лісты для праверкі сапраўднасьці дадзеных выбарцаў, якія падпісаліся за таго ці іншага прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы.

Не дазволілі прысутнічаць на ўсіх этапах праверкі

Гэтак, у Кастрычніцкую раённую камісію па выбарах прэзыдэнта ў вызначаныя законам тэрміны былі здадзеныя падпісныя лісты каардынатарамі ініцыятыўных груп Віктара Бабарыкі (4549 подпісаў), Андрэя Дзьмітрыева (548), Ганны Канапацкай (1470), Аляксандра Лукашэнкі (10772), Сьвятланы Ціханоўскай (1682), Валерыя Цапкалы (1245) і Сяргея Чэрачня (951). Неабходна адзначыць, што візуальна пададзеныя зьвесткі пра тых, хто падпісаўся, зьмяшчае надзвычай малы працэнт збракаваных подпісаў. Гэта пасьля папярэдняй праверкі зьместу падпісных лістоў пацьвердзілі і ў выбарчай камісіі.

На жаль, старшыня камісіі Сырадоева не дазволіла прысутнічаць Леаніду Свеціку на ўсіх этапах працэдуры праверкі сапраўднасьці подпісаў выбарцаў у падпісных лістах усіх патэнцыйных кандыдатаў. Сваё рашэньне старшыня камісіі аргумэнтавала тым, што заканадаўства патрабуе ажыцьцяўляць праверку сапраўднасьці подпісаў толькі сябрамі камісіі. Больш за тое, назіральніку не дазволілі весьці аўдыёзапіс, відэаздымкі і стрым-трансьляцыю падчас працы камісіі, а таксама – падчас правядзеньня ёй арганізацыйных мерапрыемстваў для падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў.

farmavanne_uvk_vitebsk1.jpg
Падчас фармавання УВК

Фактычна ўжо можна казаць, што ў Кастрычніцкай раённай у горадзе Віцебску камісіі па выбарах Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь падрыхтоўка і правядзеньне выбараў адбываецца ані адкрыта, ані галосна. Бо назіральнік пазбаўлены магчымасьці атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю пра выбары любым спосабам і ў розных формах.

На сёньня ўсе раённыя выбарчыя камісіі, а іх у Віцебску тры, адабралі крыху больш за 20% ад агульнай колькасьці пададзеных подпісаў ды прыступілі да іх праверкі. Вынікі гэтай праверкі пры любых абставінах мусяць быць агучаныя публічна да 30 чэрвеня ўключна.

Небывалая актыўнасьць і рэпрэсіі

Адзначым, што ўжо на этапе збору подпісаў выбарцы праявілі небывалую актыўнасьць у параўнаньні зь мінулымі выбарчымі кампаніямі. Сёлета віцябляне масава прыходзілі да пікетаў, дзе ставілі подпісы за вылучэньне Ціханоўскай, Бабарыкі, Цапкалы, Чэрачэня. Гэта стала нечаканасьцю як для сябраў ініцыятыўных групаў, гэтак і для ўладаў. Першым гэта ў значнай ступені спрасьціла збор подпісаў, другім – спарадзіла галаўны боль.

У гэтай сытуацыі ўлады пачалі выкарыстоўваць звыклы для іх варыянт – рэпрэсіўны.

За апошнія два месяцы ў Віцебску пад палітычныя рэпрэсіі ў выглядзе адміністрацыйных штрафаў і арыштаў патрапілі больш за 40 сябраў і валянтэраў ініцыятыўных груп, перш за ўсё – групы Сьвятланы Ціханоўскай, а таксама – прадстаўнікі палітычных партый і недзяржаўных грамадзкіх арганізацый і ініцыятыў. Цікавая дэталь: ніхто зь сябраў шматлікай і актыўнай ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі ў Віцебску ня быў пакараны.

piket_vitebsk_.jpg
Чарга паставіць подпіс за патэнцыйных кандыдатаў у Віцебску

Актывістаў вінавацяць у парушэньні парадку і правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Аднак, згодна зь дзейным выбарчым заканадаўствам, пікетаваньне для збору подпісаў не спараджае склад адміністрацыйнага правапарушэньня, калі гэта робіцца ў не забароненых уладамі месцах. Перасьлед за ўдзел у такім пікеце зьяўляецца парушэньнем правоў і свабодаў грамадзян, за што вінаватыя ў падобных дзеяньнях мусяць панесьці пакараньне.

Фармаваньне УВК: дапускаюць толькі «надзейных»

Маніторынг рэгіянальнай прэсы паказаў, што ў пэрыяд ад 28 траўня да 4 чэрвеня інтэрвію з кіраўніком ініцыятыўнай групы дзейнага прэзыдэнта, старшынём ФПБ Міхаілам Ордай «Мы падтрымліваем НАШАГА ПРЭЗЫДЭНТА» было разьмешчана на сайтах 14-ці раённых газэт Віцебскай вобласьці (усяго – 21 «раёнка»). Гарадзкая дзяржаўная газэта «Витьбичи» таксама апублікавала гэты артыкул на сваім сайце. Падобныя публікацыі парушаюць выбарчы закон, бо ён забараняе агітацыю ў СМІ да моманту рэгістрацыі кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы.

Фармаваньне складаў участковых выбарчых камісій прайшлі бязь нейкіх зьменаў – па старой завядзёнцы. Сябрамі камісій сталі правераныя некалькімі кампаніямі грамадзяне, якія заўсёды выдавалі ў публічную прастору такія вынікі галасаваньня, якія цалкам задавальнялі ўладу.

Выпадковыя людзі і апазыцыйныя палітычныя актывісты (з пункту гледжаньня ўладаў) у камісіі не патрапілі. Так, напрыклад, ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, якія будуць працаваць у Кастрычніцкім раёне Віцебску, ня былі дапушчаныя 5 сябраў партыі БНФ і БСДП «Грамада». Не патрапілі ў камісіі і палітычныя актывісты з камандаў Бабарыкі, Цапкалы і Ціханоўскай.

У адрозьненьні ад мінулых электаральных кампаній, калі вылучэньне ад палітычных партый ды іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, працоўных калектываў і групаў грамадзян было прапарцыйным (прыблізна па 30-35% ад кожнага віду вылучэньня), сёлета гэтая прапарцыйнасьць парушылася не на карысьць працоўных калектываў. Цяперашні склад УВК Кастрычніцкага раёну сфармаваны ў такой прапорцыі: 40% – партыі і грамадзкія арганізацыі, 47% – грамадзяне і 13% – працоўныя калектывы. Выснова такая, што раённая адміністрацыя ня мае сёлета даверу да працаўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў. А рызыкаваць і «гуляць у дэмакратыю» гэтым разам улады ня хочуць.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары