Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

“Важна, каб у камісіі працавала моладзь, якая мае досвед працы"

Скрын паседжання Маладзечанскага райвыканкама
Скрын паседжання Маладзечанскага райвыканкама

Назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алесь Капуцкі і Леанід Мархотка распавялі, як адбывалася фармаванне ўчастковых камісій у трох раёнах Мінскай вобласці – Маладзечанскім, Вілейскім і Салігорскім. 

Маладзечна: У склад камісій уключаліся супрацоўнікі адной дзяржустановы разам з кіраўніком

Паседжанне Маладзечанскага райвыканкама па фармаванню ўчастковых камісій, як і многіх іншых, праходзіла ў онлайн рэжыме.

"Гэта ўвогуле зручны для ўлады фармат, бо адсутнічаюць тыя, хто можа задаць нязручныя пытанні. Хаця, калі яны кіраваліся пытаннямі эпідаміялагічнай бяспекі, усё роўна ў тых, хто назіраў трансляцыю, узнікала пытанне: чаму так шчыльна сядзяць прысутныя і, да таго ж, без масак", – адзначае Алесь Капуцкі.

У райвыканкам для фармавання 76 ўчасковых камісій былі пададзеныя заявы аб вылучэнні 980 чалавек. З іх – 527 ад грамадзян. Аднак, як распавядае Алесь Капуцкі, усім самавылучэнцам было адмоўлена ва ўключэнні ў склад камісій. Галоўны аргумент "супраць" – адсутнасць досведу.

"Гучала фраза: “Важна, каб у камісіі працавала моладзь, якая мае досвед працы". Але адкуль у моладзі возьмецца той досвед? Тое ж самае і з іншымі вылучэнцамі, якія раней не працавалі ў выбарчых камісіях. Але, як мне падалося, справа зусім не ў досведзе, а ў тым, ці можа ўлада давяраць таму чалавеку, якога ўключае ў склад камісіі. Такім чынам і адсейваліся людзі з недзяржаўных структур, на якіх цяжка аказаць уплыў", – распавёў назіральнік кампаніі Алесь Капуцкі.

На паседжанні Маладзечанскага райвыканкама ў склад участковых камісій былі ў большасці ўключаныя супрацоўнікі адной дзяржаўнай установы ці прадпрыемства разам з кіраўніком, вылучаныя рознымі шляхамі, з дадаткам яшчэ пары-тройкі “правераных” асоб.

"Гэта можна прасачыць па прыкладзе камісіі Геленоўскага выбарчага ўчастка №1, дзе з 13 членаў камісіі 11 – педагогі СШ № 2 на чале з яе дырэктарам. І падобная карціна пратычна ва ўсіх іншых участковых камісіях", – распавёў назіральнік.

Вілейка: Сябры камісій – медыкі і супрацоўнкі каледжу

Як адзначае назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Алесь Капуцкі, у вілейскім райвыканкаме фармаванне камісій адбывалася па традыцыйнаму сцэнару. Адзінае, што ў адрозненні ад іншых, паседжанне праходзіла ўжывую. Але спачатку міліцыянт на вахце, спасылаючыся на загад кіраўніцтва выканкама, запатрабаваў у гасцей пакінуць мабільныя тэлефоны ў камеры захоўвання. Калі людзі пачалі абурацца, то ўлады ўсё ж дазволілі пранесці тэлефоны з умовай адключэння. На паседжанні адразу правялі галасаванне, якім забаранілі прысутным весці фота-, відэа- і аўдыёздымкі. 

"Фармаванне камісій тут адбывалася па тым жа карпаратыўным прынцыпе, што і ў Маладзечне і, думаю, па ўсёй краіне", – распавядае Алесь Капуцкі.

Так, напрыклад, ва ўчастковую камісію Чапаеўскага выбарчага ўчастка №3 з 13 вылучаных кандыдатаў увайшлі 11 супрацоўнікаў Вілейскага дзяржаўнага каледжа, пры гэтым адсеяўшы 2 чалавек, якія там не працуюць. А ўчастковая выбарчая камісія Астроўскага ўчастка № 8 па рашэнні выканкама склалася выключна з медыцынскіх работнікаў Цэнтральнай раённай бальніцы.

"І гэта ў час эпідэміі, калі кожны лекар загружаны пад завязку", – каментуе апошняе рашэнне камісіі назіральнік.

Салігорск: Шанцаў у самавылучэнцаў не было ніякіх

saligorsk_8900.jpg
Паседжанне Салігорскага выканаўчага камітэту

24 чэрвеня адбылося паседжанне Салігорскага выканаўчага камітэту па фармаванні ўчастковых камісій. Як распавядае назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Леанід Мархотка, падчас паседжання характарыстыка давалася агулам усяму складу камісіі тыпу: актыўныя, мэтанакіраваныя, нацэленыя на вынік і г.д. Толькі некалькі разоў індывідуальныя характарыстыкі даваліся кожнаму члену камісіі толькі ў тым выпадку, калі на якім-небудзь участку былі альтэрнатыўныя кандыдатуры.

"Тады ўсе сябры райвыканкама перад галасаваннем глядзелі перад сабой на стале ў загадзя раздадзены ім спіс і галасавалі за кандыдатуру пазначаную ў спісе. Шанцаў у самавылучэнцаў ва ўчастковыя камісія не было аніякіх", – распавёў назіральнік Леанід Мархотка.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары