Ірыну Траццякову аштрафавалі на 20 базавых велічынь
У 15 гадзін 24 чэрвеня прайшоў суд над доўгатэрміновай назіральніцай кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Ірынай Траццяковай.
Нагадаем, яе затрымалі ўвечары 21 чэрвеня на выхадзе з дому, адвезлі ў РАУС, дзе склалі пратакол за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
На назіральніцу Ірыну Траццякову склалі пратакол
Справу разглядала суддзя Алена Грабянчук. Ірына Траццякова ў судзе прысутнічаць не змагла: напісала хадайніцтва аб разглядзе справы ў яе адсутнасць. Яна ўпэўненая, што калі б суддзя ўважліва азнаёмілася з матэрыяламі справы, з фота- і відэаматэрыяламі, то яна б зразумела, што назіральніцы ў "Ланцугу салідарнасці" не было.
"Мяне там не было, я там не стаяла, знаходзілася на другім баку вуліцы і на вялікай адлегласці ад удзельнікаў акцыі, ні разу не пляскала ў ладкі", - падкрэслівае Ірына Траццякова.
Назіральніца заяўляла хадайніцтва і аб выкліку ў якасці службовай асобы органа вядучага адміністрацыйны працэс таго супрацоўніка міліцыі, які складаў пратакол "агляду месца здарэння" – дыск з запісам відэакамеры, і рапарт, на падставе якога быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Ці быў ён выкліканы ў суд – невядома.
Пры гэтым намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Кастрычніцкага РАУС В. Скліменак, які складаў на падставе рапарту пратакол, дадаў у яго інфармацыю, што Ірына Траццякова пляскала ў ладкі, хоць у рапарце такіх звестак не змяшчаецца. Ён жа хацеў складаць пратакол аб адміністрацыйным затрыманні, каб змясціць назіральніцу ў ІЧУ да суда, але яму перашкодзілі.
У выніку суддзя Алена Грабянчук прыйшла да высновы, што віна Ірыны Траццякова даказаная і аштрафавала яе на 20 базавых велічынь (540 рублёў).
Ірына Траццякова мае намер абскардзіць рашэнне суда.