Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Выбарчыя камісіі ў палескіх раёнах пачалі праверку здадзеных подпісаў. Уражанні назіральнікаў

Больш за 70 тысяч подпісаў прынялі раённыя выбарчыя камісіі ў Мазыры, Светлагорску, Рэчыцы і Калінкавічах ад ініцыятыўных групаў. Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» распавядаюць пра вынікі прайшоўшых паседжанняў камісіяў, на якіх пачалася праверка подпісаў.

praverka_podpisau_palesse.jpg
Светлагорская раённая выбарчая камісія нешта там робіць. Як было бачна назіральнікам.

Найбольш цікавыя сітуацыі з подпісамі адбываліся ў Светлагорску. Тут на пачатку пасяджэння не акрэдытавалі пры камісіі ў якасці назіральніцы мясцовую экаактывістку Ганну Сомаву, за вылучэнне якой падпісаліся мясцовыя жыхары. Камісіі не спадабалася, што назва горада, у якім жывуць гэтыя людзі, была ўнесеная ў падпісны ліст за вылучэнне яе назіральніцай друкаваным спосабам. Акрэдытаванай жа назіральніцы ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» пагражалі пазбаўленнем акрэдытацыі, калі яна будзе абараняць іншых назіральнікаў.

Падчас самога пасяджэння былі агучаныя лічбы здадзеных у камісію подпісаў. Камісія тут вырашыла адабраць роўна 20% здадзеных і падлягаючых уліку подпісаў за кожнага прэтэндэнта. Так, за цяперашняга прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку камісія прыняла 20 605 подпісаў. Падчас нумарацыі і адбору подпісаў за гэтага прэтэндэнта для праверкі назіральніца Алена Маслюкова стала сведкай, калі ў падпісных аркушах адсутнічала нумарацыя пастаўленых подпісаў і чальцы камісіі нумаравалі іх самі. Таксама здзіўленне выклікала тое, што ў некаторых аркушах агучваліся такія нумары подпісаў, як 18, 32 і г.д. Гэтыя хібы таксама проста падчас пасяджэння выпраўлялі чальцы раённай выбарчай камісіі. І тым не менш, 58 подпісаў камісія ўсё ж палічыла не падлягаючымі ўліку і праверцы.

Такой дбайнасці не было чутно і бачна, калі адбіраліся подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў. Другім па колькасці здадзеных подпісаў стаў палітзняволены, былы старшыня праўлення «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка. За яго камісія прыняла 1838 подпісаў. З іх 24 у выніку прызналі не падлягаючымі ўліку. За Валерыя Цапкалу здалі 1577 подпісаў, 8 з якіх нечым не адпавядалі патрабаванням. 1517 подпісаў ад светлагорцаў сабралі за жонку яшчэ аднаго палітзняволенага, блогера Сяргея Ціханоўскага – Святлану Ціханоўскую. Тут непадлеглымі ўліку прызналі 83 подпісы. За экс-дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Ганну Канапацкую здалі 721 подпіс, з іх 1 быў неналежны. Ініцыятыўная група сустаршыні аб’яднання «Гавары праўду» Андрэя Дзмітрыева здала ў Светлагорскую камісію 120 подпісаў, і аніводны подпіс не быў прызнаны непадлягаючым уліку. Таксама ўсе здадзеныя подпісы ўлічылі за старшыню сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Сяргея Чэрачня. Праўда, за яго падпісаліся толькі 26 светлагорцаў.

Алена Маслюкова адзначае, што за ўвесь перыяд збору подпісаў не бачыла ў горадзе пікетаў за Ганну Канапацкую, таму здзіўленая досыць вялікай колькасцю здадзеных яе ініцыятыўнай групай подпісаў.

praverka_podpisau_palesse2.jpg
Калінкавіцкая раённая выбарчая камісія адбірае подпісы на праверку.

У Калінкавічах, як паведамляе назіральнік Андрэй Мядзведзеў, за Аляксандра Лукашэнку здалі 11 923 подпісы. Пры гэтым, старанныя пошукі пікетаў за гэтага кандыдата на працягу перыяду збору подпісаў не прынеслі плёну – іх нідзе не было. Затое, быў зафіксаваны выпадак, калі ў райвыканкам прынеслі стос запоўненых падпісных аркушаў і той, хто прынёс, казаў, што подпісы сабралі ў раённай лякарні. Зрэшты, з амаль 12 тысяч попісаў 27 подпісаў камісія, усё ж, прызнала не падлягяючымі ўліку.

За Віктара Бабарыку Калінкавіцкая раённая камісія прыняла 1669 подпісаў, 40 з якіх аказаліся не падлеглымі ўліку.  1106 подпісаў аддалі калінкаўцы за Святлану Ціханоўскую. 6 з іх камісія не ўлічыла. За Сяргея Чэрачня ў гэтым раёне падпісаліся 224 чалавека, пры гэтым 8 подпісаў не ўлічаныя. 131 подпіс прадставілі за Андрэя Дзмітрыева. Але амаль палова з іх – 62 подпісы, камісія не палічыла магчымым улічыць.

«Звезлі да нас амаль усю Гомельскую вобласць», – пракаментавала старшыня камісіі Алена Дзяргач.

І 125 подпісаў сабрала ад каленкаўцаў ініцыятыўная група Валерыя Цэпкалы. 2 з іх не ўлічаныя. Правяраць тут адабралі 21% подпісаў. Цяпер назіральнік чакае магчымасці прысутнічаць падчас іх праверкі.

У Рэчыцы асаблівасцю стала тое, што тут усім назіральнікам дазволілі прагледзець тэчкі з падпіснымі аркушамі. Вынікам жа камісійных падлікаў, як адзначае назіральнік Валер Пуціцкі, стала наступнае. За Аляксандра Лукашэнку – 26 949 подпісаў (211 не ўлічылі). За Віктара Бабарыку – 1690 подпісаў (59 не ўлічылі). За Святлану Ціханоўскую – 1224 подпісы (21 не ўлічылі). За Ганну Канапацкую – 1061 подпіс (43 не ўлічылі), за Андрэя Дзмітрыева – 797 подпісаў (24 не ўлічылі). За Сяргея Чэрачня 597 подпісаў (22 не ўлічылі). За Валерыя Цэпкалу – 243 подпісы (8 не ўлічылі). Тут для праверкі адабралі найбольшы адсотак подпісаў – 23%. У назіральніка выклікала недавер тое, што ў падпісных лістах за Ганну Канапацкую вялікая частка запоўненая адным і тым жа почыркам, адным і тым жа колерам пасты і стыль подпісаў дужа падобны.

praverka_podpisau_palesse3.jpg
Мазырская раённая камісія адбірае на праверку подпісы за Святлану Ціханоўскую.

Назіральнік Уладзімір Целяпун з Мазыра распавёў, што ў колішняй сталіцы Палесся за Аляксандра Лукашэнку здалі 27 719 подпісаў. Праўда, 282 з іх палічылі не падлеглымі ўліку. Тут здзівіла колькасць подпісаў, пададзеных за Сяргея Чэрачня і Андрэя Дзмітрыева. Ініцыятыўная група першага здала 4 512 подпісаў (4 з іх не ўлічылі), а другога 4 027 (26 не ўлічаныя).  За Віктара Бабарыку камісія прыняла 2 842 подпісы, 35 з якіх не ўлічыла. За Святлану Ціханоўскую падалі 2 235 подпісаў, 6 з якіх палічылі не падлеглымі ўліку. 610 подпісаў здала ініцыятыўная група Валерыя Цэпкалы, з іх не ўлічылі 1 подпіс. І 29 подпісаў камісія прыняла за Ганну Канапацкую.

«Лічбы подпісаў пададзеныя за Дзмітрыева і Чэрачня выклікаюць здзіўленне – актыўнасць іх ініцыятыўных групаў была не вельмі заўважнай. Нават тэлеканал «Мазыр», які жадаў быў зрабіць рэпартаж па выніках візіту Андрэя Дзмітрыева ў Мазыр, так і не выпусціў рэпартаж. Вельмі мала жадаючых было ставіць за яго подпіс, падчас пікету, на якім быў і сам Дзмітрыеў, і дзяржаўныя журналісты», – адзначыў назіральнік.

Таксама Уладзімір Целяпун адзначыў, што мазырская камісія адабрала адразу і 21% подпісаў, і 15 адсоткаў дапаўняльна. Звычайна паводле заканадаўства 15% адбіраюцца тады, калі адабраныя 20% выклікаюць нейкія сумневы і пытанні. 

Цяпер да канца тыдня раённыя выбарчыя камісіі будуць спраўджваць сапраўднасць подпісаў. Засталося спадзявацца, што гэтая працэдура будзе максімальна адкрытай і галоснай, як гэта прадугледжвае Выбарчы кодэкс. 

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары