У Савецкім раёне Гомеля сем прэтэндэнтаў здалі на праверку подпісы
Пра гэта паведаміў доўгатэрміновы назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Леанід Судаленка, які 22 чэрвеня прысутнічаў на пасяджэнні Савецкай раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта.
Паводле яго інфармацыі, Савецкі раён Гомеля з'яўляецца адным з самых буйных раёнаў, у ім пражывае каля 180 тысяч чалавек. На праверку тут здалі сабраныя подпісы:
- Аляксандр Лукашэнка, дзеючы прэзідэнт – 29 496 подпісаў.
- Віктар Бабарыка, экс-кіраўнік Белгазпрамбанка – 4 870 подпісаў.
- Валерый Цапкала, экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналогій – 1 956 подпісаў.
- Святлана Ціханоўская, жонка блогера Сяргея Ціханоўскага – 1 261 подпіс.
- Сяргей Чэрачэнь, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада" – 1 203 подпісы.
- Андрэй Дзмітрыеў, сустаршыня грамадскага аб'яднання "Гавары праўду" – 879 подпісаў.
- Ганна Канапацкая, экс-дэпутатка – 45 подпісаў.
Па словах незалежнага назіральніка, на пасяджэнні прысутнічалі 13 членаў камісіі. У кожнага прэтэндэнта ў кандыдаты камісія адабрала 20% подпісаў для праверкі ад колькасці здадзеных подпісаў. Практычна ў кожнага прэтэндэнта, у тым ліку Лукашэнка, камісія выключыла малую частку здадзеных подпісаў па прычыне не пражывання выбаршчыкаў на тэрыторыі раёна.
Праверку подпісаў прынята рашэнне праводзіць шляхам візуальнага агляду, шляхам непасрэднага звароту да самім выбаршчыкаў і звароту ў кампетэнтныя дзяржаўныя органы.
Каментуючы ў цэлым вынікі пасяджэння, незалежны назіральнік адзначыў, што пасяджэнне доўжылася больш за гадзіну, на ім прысутнічалі ўсе 13 членаў камісіі. Акрамя яго, у раённым выбаркаме зарэгістраваліся яшчэ 9 назіральнікаў, двое з якіх - ад РГА "Белая Русь", таксама прысутнічалі на пасяджэнні. Леанід Судаленка таксама дадаў, што практычна ўсе на пасяджэнні камісіі, уключаючы назіральнікаў, знаходзіліся ў масках.
Праверка подпісаў будзе праходзіць да 30 чэрвеня. Рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты пройдзе з 5 па 14 ліпеня.