Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Заява Платформы грамадзянскай салідарнасці АБСЕ: Прэзідэнцкая кампанія ў Беларусі — гвалт, пагрозы і затрыманні

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаны на 9 жніўня 2020 года. З самага пачатку выбарчая кампанія праходзіць у атмасферы страху, пастаянных пагрозаў і запалохвання. Адбыліся затрыманні і арышты сябраў ініцыятыўных груп і звычайных выбаршчыкаў, якія ўдзельнічалі ў мірных пікетах па зборы подпісаў. Апошні тэрмін збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў ужо прайшоў, але сітуацыя хутка развіваецца і колькасць парушэнняў правоў чалавека падчас выбарчай кампаніі з кожным днём расце.

Гэта беспрэцэдэнтная сітуацыя павінна прывесці да ўзмоцненага міжнароднага кантролю падзей у краіне і ўзаемадзеяння з урадам Беларусі. Мірная, справядлівая і свабодная выбарчая кампанія і дзень выбараў маюць вырашальнае значэнне для гарантавання ўсебаковай бяспекі Беларусі і яе грамадзян. У гэтай сітуацыі АБСЕ павінна адыграць важную ролю як прадстаўніца міжнароднай супольнасці з улікам яе мандатаў у галіне дэмакратыі і абароны правоў чалавека.

Варта таксама адзначыць, што выбары праходзяць на фоне пандэміі COVID-19. Урад Беларусі не выконвае рэкамендацыі СААЗ і афіцыйна не ўводзіць захады, якія б дазволілі маштабнае фізічнае дыстанцыяванне, што будзе асабліва актуальна ў дзень выбараў.

Паводле звестак Праваабарончага цэнтра “Вясна”, паміж 6 траўня і 21 чэрвеня 2020 года сотні чалавек былі затрыманыя і асуджаныя да адміністрацыйных арыштаў альбо былі аштрафаваны па адміністрацыйных абвінавачваннях, якія выкарыстоўваюцца дзеля палітычнага пераследу. Грамадзянам працягваюць прад'яўляць абвінавачванні і судзяць за ўдзел у мірных сходах і выказванне меркаванняў. Некалькі актывістаў былі асуджаныя на шэраг тэрмінаў арышту за ўдзел у вулічных акцыях пратэсту (напрыклад, апазіцыйныя палітыкі Павел Севярынец (усяго 90 дзён) і Мікалай Статкевіч (30 сутак)). Умовы адбыцця пакарання ў мінскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе знаходзіцца большасць затрыманых, уяўляюць сабой катаванні і жорсткае, бесчалавечнае і прыніжальнае для годнасці абыходжанне.

Асабліва жорсткі ціск аказваецца на патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. 29 траўня 2020 года Сяргей Ціханоўскі, кіраўнік ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай і папулярны блогер, і яшчэ як мінімум 15 чалавек былі затрыманыя падчас выбарчага пікета ў Гродне. 8 чэрвеня 2020 года сямі з іх былі прад’яўленыя абвінавачанні ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням уладаў і актыўным удзелам у такіх дзеяннях. Усе яны ўзятыя пад варту да суда.

11 чэрвеня 2020 года супрацоўнікі ДФР правялі ператрусы ў галоўным офісе Белгазпрамбанка, былы генеральны дырэктар якога Віктар Бабарыка балатуецца ў прэзідэнты. Былі арыштаваныя дваццаць сяброў і былых супрацоўнікаў Бабарыкі, а таксама сябраў яго ініцыятыўнай групы, а ў іх дома адбыліся ператрусы. 18 чэрвеня 2020 года Бабарыка і яго сын Эдуард, які з’яўляецца кіраўніком яго ініцыятыўнай групы, былі затрыманыя падчас падачы подпісаў і адведзеныя на допыт у Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Вечарам 18 чэрвеня 2020 года абодва былі змешчаныя ў следчы ізалятар КДБ. Іх адвакаты не маглі атрымаць доступ да сваіх кліентаў на працягу ўсяго дня. Раней былі затрыманыя яшчэ два сябры ініцыятыўнай групы Бабарыкі.

Арышты кандыдата ў прэзідэнты і сябраў ініцыятыўных груп выклікалі новую хвалю грамадскіх пратэстаў. Акцыі былі жорстка разагнаныя, нягледзячы на іх мірны характар. АМАП гвалтоўна затрымаў і збіў удзельнікаў акцыі. Прадстаўнікі праваахоўных органаў затрымалі па меншай меры дзесяць работнікаў СМІ, у тым ліку журналістаў Радыё Свабода, Reuters, Euroradio.fm, TUT.by, Onliner.by, Belsat TV і Bobr.by, у Мінску, Гомелі і Бабруйску. Журналістаў затрымалі падчас асвятлення сходаў у апошні дзень збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты.

Беларускія ўлады павінны паважаць асноўныя свабоды і правы чалавека ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі. Яны павінны ўстрымацца ад усялякіх абмежаванняў правоў патэнцыяльных кандыдатаў, паважаць свабоду выказвання меркаванняў, пазбягаць затрыманняў мірных дэманстрантаў і неадкладна вызваліць усіх адвольна затрыманых актывістаў.

Мы заклікаем улады Беларусі:

  • спыніць беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі супраць апазіцыі і вызваліць Віктара Бабарыку і Сяргея Ціханоўскага, арыштаваных актывістаў выбарчай кампаніі, апазіцыйных палітыкаў Паўла Севярынца, Мікалая Статкевіча і тых, хто ўдзельнічаў у мірных акцыях пратэсту;
  • забяспечыць усім кандыдатам у прэзідэнты магчымасць свабодна ўдзельнічаць у свабодных і дэмакратычных выбарах, заснаваных на прынцыпах роўнасці і канкурэнтнай палітычнай барацьбы;
  • устрымацца ад умяшання ў дзейнасць праваабаронцаў па абароне правоў чалавека і незалежных журналістаў, якія дэкларуюцца ў дакументах ААН і АБСЕ;
  • вызваліць усіх палітвязняў і спыніць пераслед актывістаў, журналістаў і блогераў;
  • забяспечыць поўнае выкананне асноўных правоў і свабод чалавека, замацаваных у Канстытуцыі, Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, дакументах АБСЕ, уключаючы права на свабоднае выказванне меркаванняў, права на мірныя сходы, права быць абраным шляхам свабодных выбараў і права на абарону ад адвольных затрыманняў;
  • як мага хутчэй афіцыйна запрасіць місію БДІПЧ АБСЕ для маніторынгу выбараў.

Мы заклікаем дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ:

  • уважліва сачыць за сітуацыяй з правамі чалавека падчас прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і выкарыстоўваць усе наяўныя ў іх сродкі для стымулявання выканання Беларуссю сваіх правоў і абавязацельстваў у галіне АБСЕ;
  • патрабаваць максімальнага выкарыстання працэсаў АБСЕ і павялічыць прысутнасць АБСЕ і іншых адпаведных механізмаў дзеля вырашэння сітуацыі ў Беларусі, у тым ліку шляхам максімальнага павелічэння працягласці і інтэнсіўнасці маніторынгу выбараў, у прыватнасці, місіяй па доўгатэрміновым маніторынгу БДІПЧ АБСЕ.

22 чэрвеня 2020 года

Праваабарончы цэнтр "Вясна", Беларусь

Ванадзорскі офіс Хельсінкскай Грамадзянскай Асамблеі, Арменія

Інстытут маніторынгу правоў чалавека, Літва

Асацыяцыя ўкраінскіх назіральнікаў за праваахоўнымі органамі, Украіна

Фонд рэгіянальных ініцыятыў, Украіна

Грамадскае аб'яднанне "Годнасць", Казахстан

Фонд “Грамадскі вердыкт”, Расія

Нарвежскі Хельсінкскі камітэт

Даследчы цэнтр прававой палітыкі, Казахстан

Хельсінкскі фонд правоў чалавека, Польшча

Цэнтр грамадзянскіх свабод, Украіна

Македонскі Хельсінкскі камітэт

Праваабарончы цэнтр “ЗМІНА”, Украіна

Казахстанскае міжнароднае бюро па правах чалавека і выкананні законнасці

Грамадскае аб'яднанне “Праваабарончы рух “Бір Дуйно Кыргызстан”

Жанчыны Дона, Расія

Беларускі Хельсінкскі камітэт

Шведская сетка АБСЕ

Маскоўская Хельсінкская група, Расія

Харкаўскі абласны фонд "Грамадская альтэрнатыва", Украіна

Цэнтр развіцця дэмакратыі і правоў чалавека, Расія

Міжнародны цэнтр абароны, Францыя

Цэнтр удзелу і развіцця, Грузія

Армянскі Хельсінкскі камітэт

Truth Hounds, Украіна

Артыкул 19, Вялікабрытанія

DRA - Нямецка-расійскі абмен, Германія

Promo LEX, Малдова

Міжнароднае партнёрства па правах чалавека, Бельгія

OMCT - Сусветная арганізацыя супраць катаванняў, Бельгія

Грамадзянскі кантроль, Расія

Балгарскі Хельсінкскі камітэт

ZARA - Zivilcourage und Anti-Rassismus-Arbeit, Аўстрыя

Асацыяцыя жанчын-перасяленак, Грузія

Праваабарончы цэнтр "Мемарыял", Расія

Freedom Files, Польшча

Нідэрландскі Хельсінкскі камітэт

Crude Accountability, ЗША

Албанскі Хельсінкскі камітэт


Каментары