Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Патрабуем спыніць ціск на незалежных назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»

Назіральнік Сяржук Лацінскі ў судзе.
Назіральнік Сяржук Лацінскі ў судзе.

Мінск, 22 чэрвеня 2020 г.

У сувязі з фактамі  пераследу назіральнікаў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” заяўляем наступнае.

Мэтай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” з’яўляецца ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжання беларускага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці аб ходзе выбарчай кампаніі і выніках назірання. Кампанія не падтрымлівае нікога з удзельнікаў выбарчай кампаніі.

Назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” прынялі на сябе абавязацельствы не ўваходзіць у выбарчыя штабы асобных кандыдатаў, не аказваць ім любую дапамогу, скіраваную на іх вылучэнне ці агітацыю, захоўваць строгую бесстароннасць пры выкананні сваіх абавязкаў, ні ў якім разе не выказваць перавагу ў адносінах да кандыдатаў і дабрасумленна іх выконваюць, застаючыся незалежнымі і аб’ектыўнымі ўдзельнікамі працэсу.

Аднак пэўныя дзеянні ў дачыненні да назіральнікаў з боку прадстаўнікоў дзяржавы ствараюць перашкоды ў іх працы, абмяжоўваюць іх магчымасці і ў цэлым ствараюць атмасферу страху ў краіне.

Так, 17 чэрвеня суд Светлагорскага раёна аштрафаваў на 810 рублей назіральніцу Алену Маслюкову, якую абвінвацілі ў тым, што яна “ажыццяўляла пікетаванне, пры гэтым прысутнічала ў групе грамадзян”, якія збіралі подпісы за вылучэнне кандыдата ў Прэзідэнты. Праваабаронца Алена Маслюкова з'яўляецца доўгатэрміновай назіральніцай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. На выбарчых пікетах па зборы подпісаў яна ажыццяўляе свае функцыі па назіранню, у тым ліку і 31 траўня, калі група грамадзян у Светлагорску ладзіла пікет па зборы подпісаў. 20 чэрвеня ў 18.00 Алена Маслюкова была таксама затрыманая трымя супрацоўнкамі міліцыі і да 22.00 утрымлівалася ў Светлагорскам РАУС для апытання.

19 чэрвеня пад час перадвыбарчага пікету ў Бабруйску супрацоўнікі МУС затрымалі журналіста і назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Сяржука Лацінскага. Ён быў змешчаны да суда у ізалятар часовага утрымання, а 22 чэрвеня дастаўлены ў суд, дзе быў пакараны арыштам на 10 сутак па арт. 23.34 КаАП.

Каля 18.30 21 чэрвеня на выхадзе з дома ў Віцебску была затрыманая назіральніца кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ірына Траццякова. У Першамайскім РАУС назіральніцы ўручылі пратакол па арт. 23.34 КаАП. Паводле версіі міліцыі, Ірына Траццякова прыняла ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, якое адбылося 19 чэрвеня ў Віцебску каля ўваходу ў гандлёвы цэнтр "Марка-Сіці", дзе нібыта пляскала ў далоні. Разляд справы назіральніцы адбудзецца ў судзе Чыгуначнага раёна 24 чэрвеня 2020 г.

Прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” заяўляюць, што ўсе назіральнікі, на якіх складзеныя пратаколы за нібыта ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, знаходзіліся на іх з мэтай ажыццяўлення законнай дзейнасці па назіранні за выбарамі, у тым ліку і масавымі мерапрыемствамі, якія адбываюцца ў межах выбарчай кампаніі.

Згодна з Кіруючымі прынцыпамі АБСЕ па свабодзе мірных сходаў, супрацоўнікі праваахоўных органаў павінны праводзіць адрозненне паміж удзельнікамі сходу, і тымі, хто ў ім не ўдзельнічае (напрыклад, выпадковыя мінакі ці назіральнікі).

Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” нагадвае ўладам аб неабходнасці забеспячэння правядзення выбараў у атмасферы свабоды і сумленнасці, у якой ніякія адміністрацыйныя дзеянні, гвалт або запалохванне не стрымлівалі б кандыдатаў ад вольнага выкладання сваіх поглядаў і ацэнак, а таксама не перашкаджалі б выбаршчыкам знаёміцца з імі і абмяркоўваць іх ці галасаваць свабодна, не асцерагаючыся пакарання, а таксама пра тое, што прысутнасць нацыянальных назіральнікаў можа павысіць аўтарытэтнасць выбарчага працэсу для дзяржавы, у якіх праводзяцца выбары.

Павага да інстытуту нацыянальнага назірання, несупрацьдзеяння назіральнікам у ажыццяўленні іх дзейнасці ў час выбараў з’яўляецца абавязальніцтвам Рэспублікі Беларусь, якое яна дабраахвотна прыняла як сябр АБСЕ.

Мы патрабуем:

- неадкладна  спыніць адміністрацыйны пераслед незалежных назіральнікаў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”: Алены Маслюковай (Светлагорск), Сяргея Лацінскага (Бабруйск), Ірыны Траццяковай (Віцебск);

- надалей устрымацца ад любой формы ціску на незалежных назіральнікаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Каментары