Як паўдзельнічаць у выбарчым працэсе, калі жывеш за мяжой
Па звестках Цэнтрвыбаркама ў Беларусі і за мяжой створана 5 767 участкаў для галасавання па выбарах прэзідэнта Беларусі. З іх – 43 створаныя за межамі Беларусі і размешчаны на базе амбасадаў і консульстваў. Як прыняць удзел у выбарчым працэсе, акрамя галасавання, калі жывеш за мяжой?
Гэтае пытанне рэгламентуецца Пастановай ЦВК ад 8 траўня 2020 года № 17 “Аб парадку ўдзелу грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2020 год”. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца па-за межамі краіны, можна вылучыцца ў участковыя камісіі ў амбасадах і консульствах ці стаць назіральнікам.
Як патрапіць у камісію і што для гэтага трэба?
Участковыя камісія за мяжой павінны быць утвораны не пазней за 24 чэрвеня 2020 года.
Прадстаўніка ў склад участковай камісіі мае права вылучыць група выбаршчыкаў у колькасці не менш трох чалавек, пражыванне якіх на тэрыторыі замежнай дзяржавы пацверджана на момант вылучэння прадстаўніка.
Пры вылучэнні прадстаўніка ў склад участковай камісіі ад групы выбаршчыкаў у дыпламатычнае прадстаўніцтва (консульскую ўстанову) прадстаяўляецца заява, у якой пазначаецца прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння, займаемая пасада( занятак), месца працы і месца жыхарства, партыйнасць асобы, якая вылучана ў члены ўчастковай камісіі, а таксама прозвішча, імя і імя па бацьку, дата нараджэння і месца жыхарства кожнага выбаршчыка, які падпісаў заяву.
Рашэнне аб ўтварэнні ўчастковай камісіі і даце правядзення яе першага пасяджэння прымаецца кіраўніком дыпламатычнага прадстаўніцтва (консульскай установы) шляхам выдання адпаведнага загаду, які ў двухдзённы тэрмін пасля выдання размяшчаецца на інтэрнэт-сайце дыпламатычнага прадстаўніцтва (консульскай установы).
Як стаць назіральнікам за мяжой?
Згодна Пастанове ЦВК №17 на пасяджэннях ўчастковай камісіі і пры правядзенні галасавання маюць права прысутнічаць назіральнікі – давераныя асобы кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі грамадзян, а таксама замежныя (міжнародныя) назіральнікі, акрэдытаваныя Цэнтральнай камісіяй.
У адрозненні з назіраннем на тэрыторыі Беларусі тут у тым, што назіральнікі не могуць вылучацца ад палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч лічыць такое абмежаванне незаконным і дыскрымінацыйным у адносінах да партый і аб'яднанняў.
Для таго, каб стаць назіральнікам у замежнай амбасадзе ці консульстве неабходна прадставіць ва ўчастковую камісію заяву, падпісаную не менш чым 10 грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, уключанымі ў спіс выбаршчыкаў на адпаведным участку для галасавання.
У заяве аб накіраванні назіральніка пазначаюцца прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння назіральніка, яго месца жыхарства і нумар тэлефона, нумар ўчастка для галасавання, куды ён накіроўваецца. А ў дачыненні да выбаршчыкаў, якія падпісалі заяву аб вылучэнні назіральніка, павінна быць пазначана прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння і месца жыхарства.
Каардынатар кампаніі Уладзімір Лабковіч распавёў, што на папярэдніх выбарчых кампаніях, грамадзяне Беларусі, якія хацелі назіраць на ўчастках за мяжой, сутыкнуліся з тым, што іх спрабавалі не дапусціць да назірання па розных прычынах. Праблемы ў асноўным узнікалі з-за пастаноўкі на ўлік, які кіраўніцтва амбасадаў і консульстваў не хацелі прызнаваць.