Каардынатара Ціханоўскай выклікаюць у ДАІ у апошні дзень здачы подпісаў
Каардынатара ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па Мінскай вобласці Віталя Кандраценку выклікаюць 19 чэрвеня ў ДАІ Горацкага раёна нібы для складання адміністрацыйнага пратаколу па артыкулу 24.4 КаАП (Загадзя ілжывыя тлумачэнне або заява). Нагадаем, згодна з заканадаўствам подпісы ў тэрытарыяльныя камісіі павінны здаваць каардынатары або сам патэнцыйны кандыдат не пазней 19 чэрвеня.
Віталь Кандранценка растлумачыў, што інцындэнт здарыўся 6 чэрвеня ў горадзе Горкі Магілёўскай вобласці на пікеце па збору подпісаў. У той дзень ён заўважыў асобу ў цывільным (меркавана, гэта быў супрацоўнік міліцыі), якая, па яго словах, сваёй прысутнасцю пужала грамадзян. Каардынатар ініцыятыўнай групы папрасіў гэтага чалавека сысці, ён сыйшоў, але вярнуўся на аўтамабіле. Віталь Кандраценка распавядае, што аўтамабіль быў прыпаркаваны з парушэннем Правілаў дарожнага руху, на што Віталь выклікаў ДАІ. Пасля гэтага той чалавек з’ехаў, але пры пачатку руху закрануў Віталя аўтамабілем. Кандраценка распавёў пра гэта выкліканым ім міліцыянтам, але парушальнікам ПДР спрабавалі зрабіць яго.
Як распавёў юрыст "Вясны" Алег Пашкевіч, Віталя Кандранценку ўжо выклікалі ў ДАІ 16 чэрвеня, дзе ён даў тлумачэнні па інцындэнту 6 чэрвеня. Цяпер міліцыя вырашыла, што Кандранценка зрабіў ілжывую заяву датычна кіроўцы машыны, які пры пачатку руху зачапіў яго і з’ехаў.
Віталь Кандраценка апошнімі днямі займаўся здачай у выбарчыя камісіі падпісных лістоў з подпісамі ў падтрымку Святланы Ціханоўскай. Цяпер паводле артыкула 24.4 КаАП яму пагражае штраф ад 10 да 50 базавых велічыняў альбо адміністрацыйны арышт да 15 сутак.