Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Пасля скаргі назіральніка інфармацыю пра працу “Белай Русі” у рэжыме перадвыбарчага штабу выдалілі з афіцыйных сайтаў

Назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” з Магілёва Барыс Бухель заўважыў, што на пачатку чэрвеня на сайтах абл-, гар- і райвыканкамаў Магілёўскай вобласці ў рубрыцы “Выбары-2020” змешчаная інфармацыя пад аднолькавай назвай “Грамадская прыёмная арганізацыі РГА "Белая Русь" вядзе працу ў рэжыме перадвыбарчага штабу” з пазнакай месца і часу прыёма грамадзянаў.

Скрыншот абвесткі з сайта shklov.mogilev-region.by
Скрыншот абвесткі з сайта shklov.mogilev-region.by

Па меркаванні назіральніка, такія аб’явы парушылі шэраг артыкулаў выбарчага заканадаўства, у якіх замацаваная роўнасць правоў і абавязкаў прэтэндэнтаў у кандыдаты (арт. 3, 6 і 73 Выбарчага кодэкса, арт. 66 Канстытуцыі).

Незаконнасць размяшчэння названых інфармацый у рубрыках "Выбары 2020" на афіцыйных інтэрнэт-сайтах выканкамаў Магілёўскай вобласці даказваецца апублікаваным інтэрв'ю намесніка старшыні Магілёўскай абласной арганізацыі РГА "Белая Русь" Барыса Зянкевіча, які фактычна прама ўказаў, што прыёмныя яго арганізацыі працуюць у рэжыме перадвыбарчага штаба дзеючага прэзідэнта Лукашэнкі А.Г.

 "У прыёмнай ажыццяўляецца збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі сябрамі ініцыятыўнай групы", - сказаў у інтэрв'ю Барыс Зянкевіч.

На падставе гэтага Барыс Бухель звярнуўся ў Магілёўскую абласную выбарчую камісію са скаргай, у якой адзначыў, што ч. 7 арт. 39 ВК у тым ліку ўстаноўлена:

"Абласныя, Мінская гарадская камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пры правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляюць кантроль за выкананнем роўных прававых умоў перадвыбарнай дзейнасці кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь".

Назіральнік прасіў Магілёўскую абласную камісію вынесці папярэджанне адпаведным каардынатарам ініцыятыўнай групы А. Лукашэнкі па Магілёву і па раёнах Магілёўскай вобласці, а таксама абавязаць абл-, гар- і райвыканкамы вобласці неадкладна выдаліць са сваіх афіцыйных сайтаў з рубрык “Выбары 2020” незаконна размешчаную інфармацыю ў інтарэсах абрання толькі дзеючага прэзідэнта.

Магілёўская абласная выбарчая камісія разгледзела скаргу Барыса Бухеля і адказала, што “сапраўды, рэдактарам, адказным за размяшчэнне на інтэрнэт-сайце аблвыканкама інфармацыі па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, указаная інфармацыя была памылкова апублікаваная ў рубрыцы “Выбары 2020”.

“Па гэтым факце, абласной камісіяй была зробленая заўвага зацікаўленным і дадзеныя адпаведныя тлумачэнні”, - значыцца ў адказе.

У выніку інфармацыя пра дзейнасць РГА “Белая Русь” была выдаленая з афіцыйных старонак адміністрацыйных адзінак.

Аднак, абласная камісія патлумачыла назіральніку, што згодна з заканадаўствам, выносіць папярэджанні каардынатарам ініцыятыўных груп не ўваходзіць у яе кампетэнцыі.

У пашукавіку Google можна знайсці вынікі па адпаведным запыце, але спасылкі ўжо не працуюць. 

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары