Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Зваршчык з БелАЭС распавёў пра выкарыстанне там адмінрэсурса і паскардзіўся ў ЦВК на Лукашэнку

У Гродне падчас чарговага пікету на Савецкай плошчы па зборы подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў да назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Рамана Юргеля звярнуўся мужчына, які распавёў пра парушэнне выбарчага заканадаўства.

Сяргей Нікіцін
Сяргей Нікіцін

Ён назваўся Сяргеем Нікіціным і паведаміў, што працуе вахтавым метадам на Астравецкай АЭС зваршчыкам. Па яго словах, на БелАЭС у працоўны час работнікам прапаноўвалі падпісвацца за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі. Упадпісных лістах загадзя былі надрукаваныя на кампутары прозвішчы патэнцыйных падпісантаў - работнікаў АЭС - і іх пашпартныя дадзеныя (прычым часам старыя, неактуальныя). Пры гэтым графа, дзе мусяць быць указаны дадзеныя сябра ініцыятыўнай групы, які збірае подпісы, заставалася пустой.

Па словах Нікіціна, шмат рабонікаў адмовіліся ставіць свае подпісы за вылучэнне дзеючага прэзідэнта.

16 чэрвеня, калі Сяргей Нікіцін вярнуўся ў Гродна з вахты, то адразу накіраваў па гэтым факце скаргу ў Цэнтрвыбаркам. Ён просіць вынесці Аляксандру Лукашэнку папярэджанне альбо адмовіць у рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты за парушэнне 61 артыкула Выбарчага кодэксу. А менавіта за выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу і за парушэнні пры афармленні падпісных лістоў.

skarga_nikitina.jpg
Скрыншот скаргі, прадстаўлены Сяргеем Нікіціным

Адказаць на скаргу Нікіціну ЦВК мусіць цягам трох дзён.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары