Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Людзі з інваліднасцю абмежаваныя ў выбарчых правах? Пазіцыя ЦВК і праваабаронцы

Прадстаўнік ЦВК Іван Таўкач
Прадстаўнік ЦВК Іван Таўкач

Каардынатарка ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па Мінску Вольга Паўлава распавяла, што пры зборы подпісаў на пікетах яны сутыкнуліся з тым, што ў людзей з інваліднасцю, якія фізічна не могуць патрапіць на пікеты, па сутнасці, адсутнічае магчымасць пакінуць свой подпіс за вылучэнне кандыдатаў. Вольга Паўлава звярнулася ў Цэнтрвыбаркам за тлумачэннямі, ці можа сваяк або іншая асоба па даверанасці ад выбаршчыка з інваліднасцю пакінуць свой подпіс за яго. 

Пазіцыя ЦВК: “Калі ў чалавека адсутнічаюць часткі цела – мы нічога зрабіць не можам”

Тлумачэнні даў намеснік загадчыка аддзела прававой, аналітычнай і метадычнай работы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Іван Таўкач.

“Такой працэдуры не прадугледжана. Подпіс здаецца толькі асабіста. Крытэрыем праверкі подпіса з'яўляецца толькі ўласнаручныя пастаўленыя даты і подпіс. У законе напісана менавіта так.

Ёсць яшчэ варыянт: сябра ініцыятыўнай групы можа прыйсці на дом да чалавека з інваліднасцю і ўзяць у яго подпіс. Але, калі ў чалавека адсутнічаюць часткі цела, – тут мы нічога зрабіць не можам. Логіка тут простая: чалавек выказвае сваю волю шляхам прамой падачы подпіса. Як праверыць потым, ці падаў ён подпіс ўласнаручна? Асабліва, у людзей з інваліднасцю, у якіх ёсць цяжкасці ў зносінах, вось як тады камісіі праверыць, ці была яго воля? Крытэрыі простыя, больш таго, я не думаю, што гэта з'яўляецца прынцыповым пытаннем”.

Калі Вольга Паўлава запярэчыла, што гэта вельмі прынцыповае пытанне і атрымліваецца, што гэтая група людзей загадзя пазбаўляецца права галасаваць, прадстаўнік ЦВК запэўніў яе, што яна не маеце рацыю, бо галасаванне ажыццяўляецца зусім па іншаму прынцыпу.

"Ужо пры галасаванні чалавек можа прыйсці з дапамогай свайго суправаджальніка або сваяка на выбарчы ўчастак і вось там ужо па яго просьбе сваяк можа зайсці з ім у кабінку і дапамагчы яго запоўніць бюлетэнь. Права голасу людзі з абмежаванымі магчымасцямі не пазбаўляюцца. Больш за тое, мы ўсяляк ідзем на сустрэчу і рэкамендуем камісіям розныя валанцёрскія праекты для таго, каб дапамагаць людзям з абмежаванымі магчымасцямі прымаць удзел у галасаванні".

Каардынатарка ініцыятыўнай групы Вольга Паўлава кажа, што "людзі абураюцца. Кажуць, што кватэры па даверанасці прадаць можна, а подпіс за кандыдата ў кандыдаты ў прэзідэнты паставіць нельга".

Праваабаронца: "Улады пазбаўляюць людзей выбарчага права толькі на падставе іх фізічных асаблівасцяў"

Каардынтар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч адзначыў, што такая пазіцыя ЦВК з’яўляецца дыскрымінацыйнай.

"Варта адзначыць, што любое пытанне рэалізацыі чалавекам сваіх правоў – прынцыповае пытанне. Па сутнасці, ЦВК кажа: "так, людзі з інваліднасцю пазбаўленыя права вылучаць кандыдата".

Атрымліваецца, што фактычна людзі з інваліднасцю, калі не могуць паставіць подпіс, пазбаўлены права мець свайго прадстаўніка ў органах улады, бо гэта абмежаванне датычнае не толькі выбараў прэзідэнта, але і парламента, і мясцовых органаў улады. Такім чынам, улады пазбаўляюць людзей выбарчага права толькі на падставе іх фізічных асаблівасцяў".

Уладзімір Лабковіч заўважыў, што дадзеная сітуацыя можа стаць яскравым кейсам для міжнародных органаў ААН, напрыклад, Спецыяльнага дакладчыка па правах людзей з інваліднасцю.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары