Верхнядзвінск: на пікетах збіраюць подпісы за Бабарыку, Цапкалу і Чэрачэня
Назіральніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодны выбары” з Верхнядзвінску Валянціна Болбат прааналізавала ход выбарчай кампаніі ў раёне.
Так, назіральніца адзначае, што за апошні тыдзень не адбылося ніводнага пасяджэння тэрытарыяльнай выбарчай камісіі.
Тым часам рашэннем выканкама ў Верхнядзвінскім раёне сфармавана 26 участкаў для галасавання. Але рашэнне аб месцах размяшчэння агітацыйных матэрыялаў і памяшканняў для сустрэчаў з выбаршчыкамі выканкамам яшчэ не прынятае.
Вядома, што тры грамадскія арганізацыі раёна – Таварыства Беларускай Мовы, “Беларуская жаночая ліга” і арганізацацыя шматдзетных сямей – вылучылі ў склад участковых выбарчых камісій чатырох актывістаў.
У раёне працуюць тры групы па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на пасаду прэзідэнта – Сяргея Чэрачэня, Віктара Бабарыкі і Аляксандра Лукашэнкі. Аднак пікеты арганізуюць группы Бабарыкі і Чэрачэня.
Яшчэ да прыезду сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі з Глыбокага на месцы пікету ўжо сабраліся людзі, жадаючыя падпісацца за вылучэнне кандыдыта. Чарга з 15-17 чалавек была пастаяннай.
Валянціна Болбат адзначае, што пасля пачатку працы пікета, на месца прыехала старшыня ТВК Алена Зуй і член камісіі Анатоль Кісялевіч. Яны праверылі дакументы сябра ініцыятыўнай групы і з’ехалі.
У субботу, 13 чэрвеня, у Верхнядзвінску збіралі подпісы і за Валерыя Цапкалу.
“Ёсць падставы казаць, што ініцыятыўная группа Аляксандра Лукашэнкі выкарыстоўвае метады мінулых выбарчых кампаній, калі подпісы збіраюцца ў працоўных калектывах у прымусовым парадку. Пра гэта расказваюць працаўнікі дзяржпрадпрыемстваў, але па зразумелых прычынах яны не хочуць пра гэта публічна сведчыць”, - падкрэслівае Валянціна Болбат.
Назіральніца адзначае, што агульная сітуацыя ў раёне спакойная, перасцярогу выклікаюць толькі новыя дадзеныя пра захворванне на каранавірус у МЧС, лясгасе. У бальніцы знаходзіцца каля 40 чалавек. У некаторых установах, у прыватнасці ва ўстановах культуры, найбольш актыўныя ўдзельнікі дыскусій папярэджаныя кіраўніцтвам аб "недапушчальнасці крытычных заўвагаў".