Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Магілёўская “раёнка” піярыць Лукашэнка задоўга да пачатку агітацыі

У беларускай электаральнай кампаніі зараз ідзе этап збору подпісаў. Дзеючы прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, паводле прадстаўнікоў ягонай ініцыятыўнай групы, сабраў ужо больш за мільён подпісаў. Прэтэндэнты ў кандыдаты ў прэзідэнты Віктар Бабарыка – ужо амаль тры сотні тысяч, Валерый Цапкала – каля 120 тысяч подпісаў. Іншыя – менш.

Асаблівасцю этапу збору подпісаў з’яўляецца тое, што падчас яго законам забаронена агітацыя за якога-небудзь вылучэнца.

Як паведамляе mspring.online, назіральнік пры Магілёўскай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта Алесь Буракоў звярнуў увагу, што раённая газета "Прыдняпроўская ніва" відавочна "топіць" за аднаго з прэтэндэнтаў.

"На сайце газеты размясцілі спецыяльны банэр і рубрыку «Прэзідэнт на карысць народа», у якім публікуюць ўсю інфармацыю аб дзейнасці Аляксандра Лукашэнкі, які з’яўляецца прэтэндэнтам на вылучэнне ў прэзідэнты ўжо ў каторы раз. Па-мойму, газета відавочна парушае выбарчае заканадаўства, вылучаючы падчас выбарчай кампаніі аднаго прэтэндэнта", — адзначае Алесь Буракоў.

Па словах назіральніка, на сайтах іншых “раёнак” падобных банэраў няма. Саша Райкан рыхтуе зварот у Цэнтрвыбаркам, каб там правялі праверку па факце незаконнай агітацыі на карысць Лукашэнкі.

"На этапе збору подпісаў агітацыя забароненая. Будзем казаць шчыра, вылучэнцу Аляксандру Лукашэнку, як дзеючаму прэзідэнту, і так надаецца шмат асабліва станоўчай увагі ў дзяржаўных СМІ. Іншыя прэтэндэнты не валодаюць такімі магчымасцямі, хоць Выбарчы кодэкс гарантуе роўнасць для ўсіх вылучэнцаў. Але калі газета вылучае Лукашэнкі з пасылам, што ён «дзейнічае на карысць народа» – гэта ўжо зусім перабор", — падкрэсліў назіральнік.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" 


Каментары