Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

“Я рамантую дарогі, а вы толькі брэшаце пад “бярозкамі”!” Дырэктарка светлагорскай школы цісне на валанцёрку Ціханоўскай

На валанцёрку ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай са Светлагорску Юлію, якая працуе ў мясцовай школе №10 бібліятэкаркай, аказвае ціск дырэктарка школы. Усё пачалося пасля таго, як Юлія стаяла на пікеце па зборы подпісаў за Ціханоўскую і фатаграфавалася с тапкам – новым сімвалам пратэстаў ад каманды “Краіны для жыцця”.

У нядзелю 31 траўня ініцыятыўная група Святланы Ціханоўскай развярнула пікет па зборы подпісаў ля ГЦ “Бярозкі” ў Светлагорску. Каля пікета стаялі развароты з надпісам “Страна для жизни” і два вялікія карычневыя тапкі. На гэтым пікеце і валанцёрыла Юлія.

piket_svetlagorsk_sdj.jpg
Збор подпісаў за Святлану Ціханоўскую ў Светлагорску 31 траўня

На наступны дзень у тэлеграм-чаце “Светлагорск для жизни” з’явілася інфармацыя, што дырэктарка школы №10 Людзміла Драпеза выклікала да сябе ў кабінет сваю падначаленую Юлію і пачала ад яе патрабаваць выдалісь са сваёй старонкі ва “Вконтакте” фотаздымак з тапкам. Пры гэтым дырэктарка ўпэўнівала маладую жанчыну ў тым, што тая “нічога не разумее” і ў яе мозг “яшчэ не саспелы”.

Са згоды Юліі праваабаронца і назіральніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алена Маслюкова даслала заяву ў раённую пракуратуру з просьбай правесці праверку па фактах запалохвання і ціску на маладую супрацоўніцу.

“Дадзеныя дзеянні дырэктаркі школы з’яўляюцца неправамернымі і не заснаванымі на п. 3 арт. 19 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які замацоўвае мэты для абмежавання свабоды выказвання, свабоды слова, свабоды думкі. Таксама падобныя дзеянні супярэчаць артыкулам 33 і 34 Канстытуцыі Беларусі і парушаюць канстытуцыйныя правы грамадзян. Гарантыі свабоды выказвання думкі асабліва важныя ў перыяд электаральнай кампаніі”, - напісала праваабаронца ў сваёй заяве.

Праз некалькі дзён Алена Маслюкова атрымала адказ з пракуратуры, у якім паведамлялася, што яе зварот перанакіраваны ў Светлагорскі райвыканкам. Адказу адтуль яшчэ няма, затое ціск на Юлію працягнуўся.

У панядзелак восьмага чэрвеня дырэктарка Людзміла Драпеза зноў выклікала да сябе Юлію, а таксама загадчыцу бібліятэкі. Але размова канешне датычылася менавіта Юліі.

drapeza_svetlagorsk.jpg
Людзміла Драпеза

Дырэктарка паведаміл, што знайшла новую кандыдатуру на месца альбо бібліятэкара, альбо загадчыка бібліятэкі. Гэта спецыяліст з “двума бібліятэчнымі дыпломамі і добрай, правільнай для дзяржаўнай установы грамадзянскай пазіцыяй”. Пры гэтым яна глядзела на Юлію і выразна дала зразумець дзяўчыне, што жадае, каб тая звольнілася да заканчэння кантракту (а ён заканчваецца праз год). Дзяўчына не захацела гэтага рабіць, і Драпеза працягнула маральна ціснуць на падначаленую.

Не абыйшлося з боку дырэктаркі без узгадання праваабаронцы Алены Маслюковай, якая раней таксама працавала ў гэтай школе настаўніцай гісторыі і была звольнена гэтай самай дырэктаркай.

“Вясна” публікуе аўдыёзапіс часткі размовы дырэктаркі Светлагорскай сярэдняй школы №10 Людзмілы Драпезы з работніцамі школьнай бібліятэкі (адна з якіх – Юлія) і прыводзіць асобна некаторыя цытаты дырэктаркі.

“Вы будзеце працаваць, калі сёння мяне не пачуеце. Як бы вас не натхнялі вашыя сябры. Мне губляць няма чаго. Я чалавек з выверанай грамадзянскай пазіцыяй. Такія, як вы, мяне не пераадолеюць! Я сыйду на пенсію, і ў адказ вам буду стаяць з іншымі шчытамі рэкламнымі. Супраць вас! Таму што я трывала стаю на сваёй зямлі. Таму што я тут дрэвы сажу. Ведаю, што такое дзень леса. Таму што я рэмантую дарогі разам з дзецьмі. А вы толькі брэшаце пад “бярозкамі” (Маецца на ўзвазе ГЦ “Бярозкі” – Заўв.)! Разумееце, чым вы адрозніваецеся ад мяне?”

“Вы цяпер твар дзясятай школы. Там, пад “бярозкамі”! Без усякай правільнай, выверанай, прававой пазіцыі! Я за вамі я, наймальнік. А пра гэта вы падумалі?”

“Вы не мяне ў сябры абярэце. Хутчэй за ўсё вы абярэце такіх, як Алена Аляксандраўна Маслюкова, наша былая настаўніца гісторыі. Зараз падпісваецца як “Праваабаронца”. І я была тым дырэктарам, які звольніў “лепшага настаўніка года”…. Звольнілі яе таму, што ў яе таксама не было той грамадзянскай пазіцыі, пра якую я вам кажу. Яна дазваляла сабе абмяркоўваць з дзецьмі тое, што яны чуць не павінны”.

Алена Маслюкова і Юлія чакаюць адказу з райвыканкаму і гатовы далей абскарджваць дзеянні дырэктаркі школы.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары