Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Левінаў папрасіў Ярмошыну напісаць заяву на Лукашэнку ў Следчы камітэт

Павел Левінаў
Павел Левінаў

Як паведамляе "Віцебская Вясна", праваабаронца Павел Левінаў звярнуўся да старшыні ЦВК па выбарах Лідзіі Ярмошынай з просьбай адмовіць Лукашэнку ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата на прэзідэнцтва на падставе таго, што дзеючы прэзідэнт публічна выказвае пагрозы жыццю простых выбарцаў. Праваабаронца папрасіў таксама Ярмошыну паскардзіцца на яго ў Следчы камітэт. 

Зварот да Ярмошынай Павел Левінаў накіраваў як просты выбарца. Ён згадаў, як старшыня ЦВК па выбарах паведаміла, што звярнулася ў Следчы камітэт з нагоды размяшчэння ў пунктах збору подпісаў плакатаў са словамі "баршчаварка" і "прыхлопнуць", якія быццам нясуць пагрозу ейнаму жыццю.

Далей Левінаў цытуе словы прэтэндэнта ў кандыдаты Аляксандра Лукашэнкі, які падчас прызначэння ўраду заявіў: "Забыліся, як былы прэзідэнт Карымаў у Андыжане падпаліў путч, расстраляўшы тысячы чалавек?"

"Гэта што, па-вашаму, не пагроза жыццю выбарцаў? Ці вы дбаеце толькі аб сваім жыцці", – запытаўся Левінаў у Ярмошынай.

Павел Левінаў цытуе і словы Лукашэнкі пра тое, што "краіны яны не атрымаюць".

"А што, Беларусь ужо прыватызаваная адным чалавекам?" – абураецца праваабаронца і нагадвае Ярмошынай, што адзінай крыніцай улады паводле Канстытуцыі ёсць ні прэзідэнт, ні ўрад, ні парламент – толькі народ.

У сувязі з выказанымі пагрозамі жыццям выбарцаў з боку прэтэндэнта Лукашэнкі Павел Левінаў папрасіў Ярмошыну звярнуцца ў Следчы камітэт. А таксама – адмовіць яму ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата на прэзідэнцтва.

Лідзія Ярмошына адказала праз тры дні.

"На Ваш зварот паведамляю, што мая заява ў Следчы камітэт звязаная не толькі з вуснымі пагрозамі, але і падрыхтоўкай іх рэалізацыі. Тлумачу, што санкцыі артыкулу 191 Крымінальнага кодэксу распаўсюджваюцца толькі на асобаў, якія перашкаджалі працы арганізацыі выбараў і працы выбарчых камісій. Менавіта праверку з гэтай нагоды я і прасіла ажыццявіць", – адказала Ямошына.

"Наконт выступу Прэзідэнта РБ Лукашэнкі А.Р. падчас нарады тлумачу, што парушэнняў выбарчага заканадаўства, якія б перашкаджалі ягонай рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, не ўгледжваецца", – піша старшыня Цэнтральнага камітэту Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэферэндумаў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" 


Каментары