Уладзімір Лабковіч пра заяву Ціханоўскай: Гэта лагічны вынік жорсткай кампаніі пераследу
Патэнцыйная кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская 11 чэрвеня заявіла аб зняцці ўсіх сваіх пікетаў у абласных цэнтрах і сталіцы на тры дні – 12, 13 і 14 чэрвеня. Адмысловая заява Ціханоўскай размешчаная ў форме відэазвароту на Telegram-канале Nexta.
Такое рашэнне яна тлумачыць “магчымай падрыхтоўкай правакацый з боку спецслужбаў, а таксама значна ўзрослым ціскам і рэпрэсіямі ў дачыненні да сябраў ініцыятыўнай групы. Зрэшты, прыпыненне не закране рэгіёнаў, дзе настолькі вялікіх навал людзей па зразумелых прычынах не назіраецца”.
Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч ахарактарызаваў заяву Святланы Ціханоўскай лагічным вынікам жорсткай кампаніі пераследу і татальнага разгрому ў дачыненні да ўсяго гэтага выбарчага штаба.
“Тое, што мы назіралі апошнія тыдні, гэта было выключна мэтаскіраваная спецаперацыя па татальнаму перашкаджэнню ёй і яе камандзе збіраць подпісы. І тыя правакацыі падчас пікетаў, вынікам якіх стала затрыманне Сяргея Ціханоўскага і шэрагу сябраў ініцыятыўных групаў і рэгіянальных каардынатараў гэтай ініцыятыўнай групы (а Сяргей Ціханоўскі з’яўляецца кіраўніком ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай). Гэта сведчанне таго, што рукамі спецслужбаў праз правакацыі, праз масавыя затрыманні, ціск на удзельнікаў гэтых сходаў па збору подпісаў, адбываецца выключна знішчэнне яе як магчымага кандыдата ў прэзідэнты. Зразумела, што гэта рэакцыя ўладаў на тую папулярнасць, якую яна мае, на тыя чэргі, якія выстраіваліся зборшчыкаў подпісаў за яе як патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты".
У інтэрв'ю "Белсату" Ціханоўская агучыла прамежкавую лічбу агульнай колькасці сабраных подпісаў — 60 тысяч. Прэс-сакратар ініцыятыўнай групы Аляксандр Кабанаў сказаў TUT.BY, што гэтая лічба нясвежая і лічыць подпісы ініцыятыўная група будзе пасля 13 чэрвеня. Паколькі апошні дзень падачы подпісаў у раённыя, гарадскія, раённыя ў гарадах камісіі 19 чэрвеня, а на іх праверку ініцыятыўнай групе трэба некалькі дзён, выходзіць, што пікетаў па зборы подпісаў у Менску і абласных гарадах за Ціханаўскую, хутчэй за ўсё, ужо не будзе.