Збор подпісаў у Брэсце: У Ціханоўскай пастаянныя чэргі, Цапкала набраў "неабходную колькасць"
У Брэсце працягваецца збор подпісаў за вылучэнне кадыдатаў на пасаду прэзідэнта Беларусі. Ініцыятыўныя групы абралі ў якасці асноўнага месца збору подпісаў кавалак вуліцы Савецкай перад уваходам у кінатэатр “Беларусь”.
Ад самага пачатку берасцейцы актыўна подпісваліся за Святлану Ціханоўскую, Андрэя Дзмітрыева, Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу. Нягледзячы на пагрозу, выкліканую пандэміяй каранавіруса, людзі сваёй актыўнасцю дэманстравалі ўладам прагу і неабходнасць перамен.
Каманды прэтэндэнтаў робяць адпаведныя санітарна-прафілактычныя захады. Зборшчыкі подпісаў працуюць у пальчатках і масках. На сталах – антысэптык.
Раней у Брэсце бачылі таксама пікеты іншых ініцыятыўных груп: Юрася Губарэвіча, Ганны Канапацкай і Аляксандра Лукашэнкі, але яны не выклікалі відавочнай зацікаўленасці з боку берасцейцаў.
10 чэрвеня стала вядома, што ініцыятыўная група па вылучэнні Валерыя Цапкалы спыняе збор подпісаў каля “Беларусі”, бо “набрала неабходную колькасць подпісаў і рыхтуе іх да падачы ў адпаведныя структуры”.
Зборшчыкаў подпісаў за Святлану Ціханоўскую не хапае, у Брэсце іх толькі два. Пры гэтым да іх амаль заўсёды стаіць чарга з жадаючых пакінуць подпіс. Даволі часта нейкія сумнеўныя, часам агрэсіўныя людзі наўмысна абражалі іх і правакавалі на супрацьпраўныя паводзіны. Побач заўсёды знаходзяцца супрацоўнікі сілавых структур у цывільным. Да гонару зборшчыкаў і берасцейцаў ніхто не павёўся на правакацыі.