З бальніцы ў райвыканкам. Як у Калінкавічах парушаюць парадак збору подпісаў
Назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” з Калінкавічаў Андрусь Мядзведзеў стаў выпадковым сведкам таго, як парушаецца выбарчае заканадаўства на этапе збору подпісаў.
Днём дзявятага чэрвеня ў райвыканкам, дзе тады як раз знаходзіўся незалежны назіральнік, прыйшоў чалавек са стосам запоўненых падпісных лістоў за аднаго з вылучэнцаў у кандыдаты. Ён паспрабаваў увайсці ў кабінет спецыялістаў ідэалагічнага аддзелу, але там было зачынена.
Затым ён падыйшоў да вахцёркі са словамі, што ён прыйшоў з бальніцы, дзе яго папрасілі перадаць гэтыя падпісныя лісты ў ідэалагічны аддзел. Але так як ідэалагічны аддзел зачынены, то ён спытаўся, ці можна пакінуць гэты стос з подпісамі на вахце.
Вахцёрка не захацела пакідаць іх у сябе і патэлефанавала начальніцы ідэалагічнага аддзела. Даволі хутка прыбегла спецыялістка і літаральна зацягнула мужчыну ў кабінет. Праз некалькі секунд ён адтуль выйшаў і пайшоў з выканкама ўжо без лістоў.
Пры гэтым, паводле пастановы Калінкавіцкага райвыканкама ад 18 траўня, збор подпісаў на тэрыторыі раённай бальніцы забаронены.
За якога ж менавіта вылучэнца ў кандыдаты з бальніцы ў ідэалагічны аддзел выканкаму былі перададзеныя подпісы – застаецца толькі здагадвацца.