Гарадзеншчына: Каардынатара ініцыятыўнай групы Ціханоўскай "ізалявалі" ад збору подпісаў
Рэгіянальнага каардынатара ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Аляксандра Мілюка, які кіраваў зборам подпісаў па 6 раёнах Гарадзеншчыны, фактычна пазбавілі магчымасці выконваць гэтую працу.
Міліцыя некалькі дзён спрабавала злавіць Аляксандра Мілюка на той падставе, што ён нібыта з'яўляецца кантактам першага ўзроўню па хваробе COVID-19 і павінен знаходзіцца дома. Урэшце ў панядзелак, 8 чэрвеня, у дом Мілюка ў Мастах заявілася цэлая "брыгада" міліцыі разам з дактарамі. Прадстаўнікі міліцыі сталі сцвярджаць, што ёсць афіцыйная інфармацыя, што Мілюк з'яўляецца кантактам першага роўню. Спасылаліся нібыта на галоўнага лекара Мастоўскага шпіталю. Аднак пацвердзіць гэта фактамі і дакументамі не змаглі. "Брыгада" настойвала, што Мілюк павінен здаць тэст на каранавірус, але актывіст адмовіўся. Ён заявіў, што не рабіў ніякіх запытаў да медыкаў, таму што ніякіх падставаў для гэтага не было і няма.
Урэшце Аляксандру Мілюку выдалі прадпісанне, што ён павінен 14 дзён знаходзіцца дома, іначай яму пагражае адміністрацыйная адказнасць. Такім чынам рэгіянальнага каардынатара па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую фактычна пазбавілі магчымасці і права далей збіраць подпісы.