Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Блог Паўла Сапелкі: Праца з лічбамі

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка ў новым выпуску блога "Слова аб праве" у "Белгазеце" разважае аб працэдуры збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты і іх праверцы ў ЦВК.

У кожнай выбарчай кампаніі, тым больш прэзідэнцкай, ёсць свая разыначка. Вось, напрыклад, збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў: іх наогул трэба ўсяго 100 тысяч і пару тысяч у запас, але ніяк не мільён ці два.

Мільён і больш збіраць могуць тыя, хто зусім не шануе працу сваёй каманды і не турбуецца за праверку падпісных лістоў, г. зн. адзін, самы дасведчаны прэтэндэнт у кандыдаты. Той, якому ў 2010 годзе 8403 чалавекі з ініцыятыўнай групы сабралі 1,1 млн подпісаў, а ў 2015 годзе 10577 чалавек сабралі больш за 1,75 млн подпісаў. Адгадайце, колькі павінны сабраць у гэтым годзе 11480 членаў ініцыятыўнай групы? Улічыце, што члены ініцыятыўнай групы дзеючага прэзідэнта - самыя дзейсныя, на кожнага прыходзіцца ў сярэднім удвая больш сабраных подпісаў, чым у супернікаў.

Пикет по сбору подписей за Лукашенко
Пікет па збору подпісаў за Лукашэнка

Мы можам даведацца пра памылкі пры зборы подпісаў за незалежных кандыдатаў, пра адсутнасць неабходных атрыбутаў у падпісных лістах, нават пагаворвалі аб ксеракапіраваных падпісных лістах, але яшчэ ні разу іх, незалежных, не абвінавацілі ў ціску на выбаршчыкаў. Ім, небаракам, даводзіцца стаяць каля гандлёвых цэнтраў, хадзіць па кватэрах, прасіць, зачароўваць, захапляць…

Ну а за самага папулярнага прэтэндэнта подпісы збіраць настолькі лёгка, што, пачаўшы, ужо цяжка спыніцца. Часам, праўда, падводзяць выбаршчыкі і пераканаўчыя аргументы на карысць вернасці абранага тым, хто ў чарговы раз сабраўся стаць кандыдатам у прэзідэнты, курсу і неабходнасці яго (і курсу, і прэтэндэнта) падтрымкі прымаюць за схаваныя і не вельмі пагрозы. Вось для збору належных ста з невялікім тысяч подпісаў аргументаў пра курс хапіла б, а для мільёна - недастаткова.

Ну што тут казаць, новыя тэхналогіі зрабілі працэс прасоўвання свайго кандыдата ў кандыдаты куды больш эфектыўным. Яшчэ дзве-тры кампаніі таму розумамі выбаршчыкаў валодалі тыя, хто валодаў дзяржаўнымі СМІ - тэлебачаннем у першую чаргу. А цяпер што? Ідэолагі на заробках дзяржслужачых бачаць гэта, напэўна, так: паглядзеў чалавек "Клуб рэдактараў" і пайшоў у мясцовую ячэйку "Белай Русі" з пашпартам падпісацца; наслухаўся на ноч "салаўінага памёту" - і давай свайго намесніка па ідэалогіі з раніцы церабіць у школе, дзе, маўляў, падпісацца за лепшага. Не, так не атрымаецца. Не глядзяць вашых "рэдактараў", не вераць вам - дзяржпрапаганда збору подпісаў цяпер не дапаможа. Застаюцца правераныя аргументы адзін на адзін: кантракт, кар'ера, ЖБК, іншыя радасці побыту.

У адрозненне ад папярэдніх кампаній, цяперашні склад самай вялікай ініцыятыўнай групы не сталі выпускаць на пацеху выбаршчыкам на вуліцы: да ўпаўнаважаных на збор подпісаў трэба заўсёды адкамандзіроўваць групу падтрымкі для стварэння эфекту актыўнасці насельніцтва.

Без праколаў не абыходзіцца ніводная кампанія па зборы подпісаў удзячных падданых: то тут, то там лавілі за руку настаўніцу, якая запатрабавала бацькоў на сход з пашпартамі, лекараў, якія калекцыянавалі подпісы пацыентаў, начальнікаў, што "прагнулі" падначаленых. А ў гэты раз "эпік фэйл" дапусцілі ў апоры дзеючай улады: вопытныя з вопытных - "Белая Русь" - спачатку дала фору супернікам, а потым на чацвёрты дзень збору заявіла, што ўсім светам сабралі ўжо 200 тыс. Не ініцыятыўнай групай, а сіламі ўсіх членаў. Яшчэ больш заблытаў сітуацыю сам прэтэндэнт: ён ведае пра нейкія 15 груп, якія збіраюць подпісы за яго вылучэнне. Потым "Белая Русь" уласную публікацыю адцэнзуравала, адначасна нахаміўшы блогеру Яўгену Ліпковічу, з падачы якога гэтая гісторыя атрымала асабліва пікантнае гучанне.

Аднак, мабыць, паўтаруся: усё гэта мае значэнне толькі для назіральнікаў за выбарамі і аматараў паліталогіі. На выніках праверкі подпісаў за вылучэнне менавіта гэтага кандыдата ніякі "пракол" не адаб'ецца. Яшчэ менш гэта адаб'ецца на выніках галасавання: там ужо рыхтуецца іншая кагорта апрычнікаў, перад якімі будзе стаяць задача "працы з лічбамі" - прывядзення вынікаў падліку бюлетэняў да шуканых 83 (плюс-мінус 1-2) адсоткаў усенароднай падтрымкі.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" 


Каментары