Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Затрыманы актывіст "Краіны для жыцця" з Віцебску Аляксандр Мацяюк

Увечары 6 чэрвеня ў Віцебску затрымалі Аляксандра Мацеюка – валанцёра ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую. З аддзялення міліцыі ён паспеў паведаміць праваабаронцам "Віцебскай Вясны", што на яго складаюць пратакол паводле артыкулу 23.34 КаАП і вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні 31 траўня. Праз гадзіну тэлефон Мацеюка быў ужо недасяжны.

Аляксандар Мацяюк паведаміў па тэлефоне, што яго затрымалі на выхадзе з пад’езду – ён збіраўся паехаць на лецішча дапамагчы бацькам.

"Я толькі выйшаў з пад’езду – выкралі. Па факце – выкралі. Сяджу ў Чыгуначным РАУС, патрабую панятых, ніхто нічога не робіць, быццам гэта я сам сюды прыйшоў, а не яны запхалі мяне сюды…" – сказаў па тэлефоне актывіст.

Пазней паведаміў, што на яго складаюць пратакол паводле артыкулу 23.34 КаАП (парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах) за ўдзел у пікетаванні 31 траўня. У чым канкрэтна абвінавачваюць Мацеюка, пакуль невядома. Праз некаторы час датэлефанавацца да яго было ўжо немагчыма.

Найверагодней, мужчыну змясьцілі да суду ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе ўжо знаходзяцца ўдзельнікі пікетаваньня 31 траўня Алена ЯнушкоўскаяАлег Паўлаў і Аляксандр Якушкоў. Раней Аляксандар Мацяюк ужо адбываў чацвёра сутак арышту ў ІЧУ, прысуджаных яму за ўдзел у сустрэчы з блогерам Ціханоўскім.

Суды адбудуцца ў панядзелак 8 чэрвеня.

Нагадаем, цалкам законныя пікетаванні для збору подпісаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзідэнцтва адбываюцца на пляцоўцы перад ГЦ "Марка-сіці" у Віцебску штодзень ад 25 траўня. У мінулую нядзелю да зборшчыкаў подпісаў за Святлану Ціханоўскую людзі стаялі ў чарзе, якая выцягнулася на сотні мэтраў. У пікетаванні браў удзел сузаснавальнік БХД Павел Севярынец.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" 


Каментары