Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Лельчыцы: Як леснікоў прымушалі падпісацца за вылучэнне Лукашэнкі

Па інфармацыі ад актывіста Эдуарда Баланчука, у старшыні Лельчыцкага раённага Савета дэпутатаў Таццяны Бяспалай зараз вельмі напружаныя дні. Ледзь раніца – чыноўніца сядае на службовы аўтамабіль, каб патрапіць на прадпрыемствы і арганізацыі даверанай ёй тэрыторыі.

Аўтамабіль Таццяны Бяспалай.
Аўтамабіль Таццяны Бяспалай.

Але не клопаты пра людзей цікавяць Бяспалую, а ўсяго толькі арганізацыя працэсу збору подпісаў за вылучэнне дзейнага кіраўніка дзяржавы ў кандыдаты на новы тэрмін. І няважна, што ў працоўны час.

Як паведамляе Баланчук, днямі Бяспалая “папрасіла” пакінуць свае подпсіы за дзеючага кіраўніка дзяржавы ў працаўнікоў мясцовага лясніцтва.

“Трэба зараз усім паставіць подпісы за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты”.

Аднак звычайныя працаўнікі заявілі, што такога жадання ў іх не ўзнікае: “Не хочам мы за яго падпісвацца”.

Таццяна Бяспалая вельмі-вельмі здзівілася такой пазіцыі, спрабавала спачатку пераканаць іх у важнасці гэтага дзейства, а калі не атрымалася, то ў ход пайшлі і пагрозы, і запалохванні. Толькі некаторыя працаўнікі былі катэгарычныя: “Не будзем і ўсё тут. А ледзь што – самі працуйце тут!”

Размова скончылася тым, што чыноўніца паабяцала звязацца з раённым ідэолагам, каб той правёў гутарку яшчэ раз са “сляпымі” леснікамі.

Жыхары Лельчыцкага раёна паведамляюць таксама, што ў паездках па рэгіёну Бяспалую суправаджаюць мясцовыя старшыні сельсаветаў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары