Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Левінаў прапанаваў запрасіць на паседжанне выбарчай камісіі кіраўніка абласной міліцыі

Павел Левінаў. Фота DW
Павел Левінаў. Фота DW

Праваабаронца Павел Левінаў звярнуўся да сябраў Віцебскай абласной камісіі па выбарах прэзідэнта з просьбай запрасіць на пасяджэнне камісіі начальніка УУС аблвыканкаму Міхаіла Грыба, каб той патлумачыў, на якіх падставах 31 траўня міліцыянты спрабавалі перашкодзіць выбарцам ставіць подпісы ў падтрымку прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзідэнцтва. Пра гэта паведамляецца на сайце "Віцебскай Вясны".

Інцыдэнт, пра які піша Павел Левінаў у звароце да сябраў абласной камісіі, адбыўся ў нядзелю на пляцоўцы перад пірамідай «Марка-сіці» ў Віцебску, дзе ініцыятыўныя групы 4-х прэтэндэнтаў у кандыдаты збіралі подпісы выбарцаў. Да палаткі, дзе праходзіў збор подпісаў за Святлану Ціханоўскую, грамадзяне ўтварылі даўгую чаргу.

«Да падпісных сталоў выцягнулася чарга не на адну сотню метраў. Стоячы ў чарзе, выбарцы размаўлялі пра сродкі барацьбы з прусакамі. З'яўленьне супрацоўніка міліцыі людзі ўспрынялі як акт салідарнасьці з народам, але памыліліся. Міліцыянт расцаніў чаргу выбарцаў як несанкцыянаванае пікетаванне і запатрабаваў разысціся», – апісвае інцыдэнт Левінаў.

У звароце ён таксама адзначае, што не заўважыў на пляцоўцы перад ГЦ «Марка-сіці» аніводнага сябра абласной камісіі па выбарах, адказнага за выкананне выбарчых правоў грамадзянащ на тэрыторыі Віцебску.

На падставе адзначанага і кіруючыся Выбарчым кодэксам РБ і пастановамі ЦВК, праваабаронца просіць заслухаць на пасяджэнні камісіі начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму Міхаіла Грыба па факце спробы яго падначаленых перашкодзіць выбарцам ставіць подпісы ў падтрымку вылучэння кандыдатаў на пасаду прэзідэнта.

Адказ на зварот пакуль не атрыманы.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" 


Каментары