Ці слушна патрабуе прэзідэнт навесці парадак у "гарадзішку"? Каментуе эксперт
Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Менскага гарадскога выканаўчага камітэту Анатолем Сіваком 2 чэрвеня заявіў, што чакае навядзення парадку ў сталіцы.
«Я чакаю ад цябе і ад праваахоўнікаў поўнага парадку ў горадзе-героі Менску. Ні ў якім разе нельга перашкаджаць людзям жыць», – цытуе словы кіраўніка дзяржавы прэс-служба Прэзідэнта.
Пра які парадак казаў адзін з вылучэнцаў у кандыдаты – Аляксанд Лукашэнка, і як гэта стасуеццца з выбарчым заканадаўствам, запыталіся ў каардынатара кампаніі “Правыаабаронцы за свабодныя выбары” Уладзіміра Лабковіча.
– Пасля размовы Лукашэнкі з старшынём Мінгарвыканкама, дзе ён загадваў “навесці парадак у Мінску” можна звярнуць увагу на два істотныя моманты.
Першы. Узнікае пытанне, а наколькі гэтае “навядзенне парадку” не парушае выбарчае заканадаўства, калі адзін удзельнік выбарчай кампаніі, хоць і дзеючы прэзідэнт, патрабуе стварыць умовы, якія будуць ускладняць для іншых сваіх канкурэнтаў збор подпісаў. У такіх загадах можна ўгледзець выкарыстанне службовага становішча ў мэтах свайго пераабрання. Асабліва непакоіць, што такія дзеянні могуць суправаджацца затрыманнямі ўдзельнікаў збору подпісаў з боку міліцыі.
Другі. Падобны заклік супярэчыць Выбарчаму кодэксу. Звернемся да яго. Так, частка 11 арт. 61 ВК дэкларуе, што: “збор подпісаў выбаршчыкаў можа ажыццяўляцца ў форме пікетаванне. Атрыманне дазволу на правядзенне пікетавання для названых мэтаў не патрабуецца, калі яно праводзіцца ў месцах, не забароненых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі”.
Такім чынам, менавіта ў форме пікетавання можа адбывацца збор подпісаў.
А зараз глянем, як гэта мусіць адбывацца. Само азначэнне пікетавання прапісана ў законе “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспублікі Беларусь”, у артыкуле 2:
“Пікетаванне - публічнае выказванне грамадзянінам ці групай грамадзян грамадска-палітычных, групавых, асабістых і іншых інтарэсаў або пратэсту (без шэсця), у тым ліку шляхам галадоўкі, па якіх-небудзь праблемах з выкарыстаннем ці без выкарыстання плакатаў, транспарантаў і іншых сродкаў. Да пікетавання прыраўноўваецца сумесная масавая прысутнасць грамадзян у загадзя вызначаным грамадскім месцы (у тым ліку пад адкрытым небам) у вызначаны час для здзяйснення загадзя вызначанага дзеяння, арганізаванае (у тым ліку праз глабальную кампутарную сетку Інтэрнэт або іншыя інфармацыйныя сеткі) для публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў або пратэсту”.
Такім чынам ВК прадугледжвае, што збіраць подпісы можна ў форме пікетавання, што азначае – з выкарыстаннем плакатаў, сцягоў і іншай атрыбутыкі.
З вышэйсказанага вынікае, што пікеты па зборы подпісаў, якія адбываюцца у месцах, дзе гэта не забараніў Мінгаврыканкам, і ў тым ліку на пляцоўцы ля Камароўскага рынку цалкам і адназначна законыя, адпавядаючыя Выбарчаму кодэксу.
А вось мясцовыя ўлады павінны наадварот забяспечыць рэалізацыю выбарчых правоў грамадзян. Вельмі важна, каб улады набраліся цярплівасці і не ў якім разе не ўжывалі рэпрэсій у дачыненні да грамадзян, якія маюць поўнае права як збіраць подпісы, так і пакідаць свае подпісы за вылучэнне таго, ці іншага кандыдата.
Тым больш, у святле нядаўніх тлумачэнняў ЦВК аб адсутнасці адказнасці за датэрміновую агітацыю. Праўда, такі падыход неяк не стасуецца з практыкай мінулых кампаній, падчас якіх ініцыятыўныя групы атрымлівалі папярэджанні за датэрміновую агітацыю.