Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Беларусы прапанавалі ЦВК правесці выбары анлайн. Што ім адказалі?

У Цэнтральнай выбарчай камісіі краіны разгледзелі прапанову беларусаў аб мэтазгоднасці правядзення галасавання праз Інтэрнэт. З адказу ЦВК з подпісам яго старшыні Лідзіі Ярмошынай выцякае, што да цыфравізацыі выбарчага працэсу ў Беларусі яшчэ далёка.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Фота: TUT.BY
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Фота: TUT.BY

Беларусы звярнуліся ў ЦВК 26 траўня з прапановай арганізацыі ўдзелу ў выбарах з дапамогай Інтэрнэт-сайта. Адпаведная петыцыя была размешчана на Рetitions.by, і пад ёй падпісалася 218 чалавек.

Як адзначаюць аўтары петыцыі, праблема складаецца ў тым, што пры гэтым галасаванні трэба ісці і галасаваць. А куды прыемней было б сядзець дома і галасаваць з тэлефона або кампутара.

"Прапануем ЦВК стварыць сайт, куды грамадзяне Рэспублікі Беларусь будуць заходзіць, рэгістравацца, атрымліваць код пацверджання і галасаваць. Не трэба будзе арганізоўваць выбарчыя ўчасткі і траціць грошы з бюджэту", — пісалі ў петыцыі. 

Цэнтрвыбаркам адказаў ім, што "ўвядзенне дыстанцыйнага электроннага галасавання патрабуе як яго заканадаўчага рэгулявання, так і значных фінансавых выдаткаў на распрацоўку праграмнага забеспячэння працэдуры галасавання, абароны перадачы вынікаў волевыяўлення выбаршчыкаў, захавання таямніцы галасавання інш.".

"Пры гэтым мяркуем дарэчным заўважыць, што вопыт прымянення такога галасавання ў замежных краінах паказвае, што працэнт тых, хто галасуе пры дапамозе інтэрнэту ва ўсіх краінах, як правіла, нізкі, і ўсе падобныя працэдуры праводзяцца на ўзроўні сацыяльнага і прававога эксперыменту", — адзначылі ў ЦВК. 

На думку Цэнтральнай камісіі, у перспектыве прымяненне дыстанцыйнага галасавання праз інтэрнэт мэтазгодна для грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой.

 "Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары