Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

За плакат на перадвыбарчым пікеце Алену Радзькову будуць судзіць

Ілюстрацыйнае фота. Аўтар: Reuters
Ілюстрацыйнае фота. Аўтар: Reuters

У Наваполацку ў дачыненні да Алены Радзьковай, сябры ініцыятыўнай групы Сяргея Чэрачня, распачаты адміністрацыйны працэс па ч. 3. арт. 23.34 КаАП.

Паводле пратаколу, 28 траўня Алена Радзькова ўзяла ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні без адпаведнага дазволу мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў – "з выкарыстаннем улётак "Слуга, сыходзь – народ прыйшоў!", "Стоп, таракан!" ды іншых.

Жанчына патлумачыла, што 28 траўня проста пастаяла каля пікету для збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую.

"Я сябра ініцыятыўнай групы Чэрачня, але цікаўлюся ўсімі прэтэндэнтамі. Гэта быў першы дзень збору подпісаў у Наваполацку, і сабралася вельмі шмат людзей. І я стаяла там паблізу і назірала, як гэта ўсё адбываецца. Проста блізенька стаяла. У выніку аказалася, што брала ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні! Хаця як гэта можа быць несанкцыянаваным, калі гэта збор подпісаў? Наагул не разумею і не ўяўляю, якія там улёткі і пра што гаворка!" – патлумачыла Алена Радзькова.

Суд адклаў разгляд адміністрацыйнай справы да 15 чэрвеня "для вывучэння матэрыялаў справы".

Пры гэтым, каля дома другога ўдзельніка перадвыбарчага пікету Андрэя Зуева дзяжурылі цягам 1,5-2 гадзін два супрацоўніка міліцыі.

Паводле інфармацыі ў телеграм-канале "Полацк. Наваполацк. Краіна для жыцця", неабыякавыя грамадзяне ўжо накіравалі заяву ў пракуратуру. 

"Хачу адзначыць, што згодна з арт.13 Закона "Аб масавых мерапрыемствах", на парушэнне якога супрацоўнік міліцыі спасылаецца ў пратаколе, дзяржаўныя органы не маюць права ўмешвацца ў правядзенне масавых мерапрыемстваў, якія праводзяцца з захаваннем патрабаванняў актаў заканадаўства. Таму лічу дзеянні супрацоўніка ў частцы пачатку і вядзення адміністрацыйнага працэсу ў дачыненні да Радзьковай А. А. незаконнымі. Акрамя таго, у дзеяннях супрацоўніка ўгледжваецца перашкода свабоднаму волевыяўленню грамадзяніна.

У сувязі з гэтым прашу правесці праверку ў дачыненні да службовых асобаў, якія маюць дачыненне да незаконных дзеянняў у адносінах да Радзьковай А. А., а адміністрацыйны працэс спыніць у сувязі з адсутнасцю ў яе дзеяннях складу адміністрацыйнага правапарушэння", – гаворыцца ў заяве.

Нагадаем, раней Алену Радзькову прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у мірным сходзе 29 красавіка. Тады жанчыну аштрафавалі на 8 базавых велічынь (216 беларускіх рублёў). А Андрэй Зуеў адбываў 7 сутак арышту за ўдзел у стрыме Ціханоўскага.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" 


Каментары