Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Магілёўская міліцыя палюе за сяброўкай ініцыятыўнай групы Ціханоўскай

Праваабаронца "Магілёўскай вясны" Барыс Бухель паведаміў, што на сяброўку ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Кацярыну Таланкову палюе міліцыя.

Раней міліцыя ўжо цікавілася Таланковай і яе мужам з-за "кейса Ціханоўскага", калі магілёўцы змаглі 5 траўня адбіць у супрацоўнікаў МУС каманду блогера Сяргея Ціханоўскага на Віцебскім праспекце. У дачыненні да Кацярыны, як і дзясяткаў іншых чалавек, была рапачата адміністрацыйная справа за нібыта "удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве", аднак справу спынілі.

Цяпер міліцыя зноў хоча затрымаць жанчыну:

"Таланкова ўваходзіць у ініцыятыўную групу Святланы Ціханоўскай і ў ліку іншых збірала подпісы за вылучэнне апошняй. 31 траўня да яе падыходзілі члены выбаркама з рознымі пытаннямі і правяралі пасведчанне, але ім дружна і доказна патлумачылі, што подпісы збіраюць у рамках выбарчай кампаніі, і яны сышлі.

Раніцай 31 траўня суседзі паведамілі Кацярыне, што ёй цікавяцца супрацоўнікі міліцыі, круцяцца ў пад’ездзе і каля дома. Яна здолела выйсці на пікет, а перад выхадам з кватэры патэлефанавала мне і папярэдзіла, што яе могуць затрымаць. Пасля заканчэння пікету суседзі паведамілі ёй, што ёю канкрэтна цікавіліся супрацоўнікі МУС, апытвалі суседзяў, дзе яна можа быць і калі вяртаецца", – распавёў Барыс Бухель.

Улічваючы, што пікеты па зборы подпісаў – гэта цалкам законнае мерапрыемства, праваабаронцы "Магілёўскай вясны" прама называюць дзеянні міліцыі палітычным ціскам на апанентаў дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Сітуацыя ўскладняецца тым, што Кацярына Таланкова – маці непаўнагадовых дзяцей і да гэтага часу знаходзіцца ў адпачынку па даглядзе за дзіцём. Яе пераслед МУС, мабыць, нават выходзіць за межы таго бясчынства, якое зладзілі праваахоўнікі ў Беларусі ў адносінах да сяброў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай і яе паплечнікаў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" 


Каментары