Як развіваецца электаральная кампанія ў Верхнядзвінску?
Назіральніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Валянціна Болбат распавяла, як складваецца выбарчая сітуацыя ў Верхнядзвінску.
Яна адзначае, што на дадзены момант збор подпісаў вядзе толькі ініцыятыўная група дзеючага прэзідэнта, выкарыстоўваючы адміністрацыйны рэсурс.
“У калектыке ЖКГ, пра што распавёў рабочы арганізацыі, было праведзена папярэдняе апытанне на магчымаць падпісацца за Лукашэнку: з 30 чалавек даў згоду толькі адзін. З боку зборшчыка паступіла, у даволі пагражальнай форме, папярэджанне, што "прыедзе прадстаўнік з райвыканкаму, і там паглядзім". На дадзены момант такой сустрэчы не адбылося”, - адзначае Валянціна Болбат.
Ёсць у раёне і прадстаўнікі ініцыятыўнай групы Сяргея Чэрачня, але збор подпісаў яны яшчэ не распачыналі.
Пікетаў па зборы подпісаў не ладзіць ніхто.
Акрамя таго, назіральніцы стаў вядомы выпадак звальнення супрацоўніцы раеннага краязнаўчага музея з-за рэзкіх каментарыяў у сацсетках пра сітуацыю ў раёне і крытычных ацэнак некаторых падзей.
“Гэта пытанне абмяркоўвалася на нарадзе ў аддзеле ідэалогіі, культуры і па справах моладзі, аб чым былі папярэджаныя работнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці, бо некаторыя з іх актыўна выказвалі сваю пазіцыю ў сацсетках, у тым ліку і па пытаннях выбараў”, - распавяла Валянціна Болбат.