Ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў на кандыдатаў актывізаваліся ў палескіх раёнах пад канец тыдня
Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» толькі пад канец тыдня адзначылі ў некаторых гарадах усходняга Палесся заўважную актыўнасць ініцыятыўных групаў па вылучэнні кандыдатаў на прэзідэнта. Пра актыўнае пікетаванне ў чацвер, пятніцу і суботу паведамляюць з Рэчыцы, Мазыра, Светлагорска.
У Рэчыцы каля гарадскога палацу культуры зладзілі цэлы парад пікетаў. Тут збіралі подпісы за вылучэнне кандыдатамі на прэзідэнта сустаршыні кампаніі «Гавары праўду» Андрэя Дзмітрыева, экс-дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў і экс-чальца Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганны Канапацкай, а таксама старшыні партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада» Сяргея Чэрачня. Апошні, дарэчы, прыехаў у Рэчыцу асабіста.
Часам каля пікетаў утвараліся невялікія чэргі з трох – пяці чалавек. Людзі, якія падыходзілі падпісацца, крытыкавалі дзеючую ўладу. Некаторыя казалі, што падпішуцца за ўсіх. «Хай хто заўгодна, толькі каб не ён», - казалі некаторыя людзі.
Як паведаміў Палескай "Вясне" Сяргей Чэрачэнь, станам на 28 траўня ягоная каманда па ўсёй краіне сабрала болей за 20 тысячаў подпісаў. Пасля Рэчыцы ён паехаў яшчэ ў Гомель, а на наступным тыдні мяркуе наведаць Калінкавічы і Мазыр.
Тым часам у пятніцу на пікет па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам на прэзідэнта Святланы Ціханоўскай – жонкі вядомага відэаблогера Сяргея Ціханоўскага, аўтара You-Tube-каналу «Страна для жизни», выйшлі чальцы яе ініцыятыўнай групы і каманды блогера ў Мазыры. Тут да намёта, у якім працавалі два збіральнікі подпісаў выстрайваліся заўважныя чэргі, нягледзячы на надакучлівы дождж і пранізлівы вецер. Як паведаміў журналісту Палескай Вясны адзін са збіральнікаў подпісаў, за гадзіну збірання толькі ў яго ўжо назбірана больш за 100 подпісаў. Таксама ён паведаміў, што ў папярэднія дні чальцы ініцыятыўнай групы збіралі подпісы праз абыход кватэраў.
Чальцы ініцыятыўнай групы выказалі спадзяванне, што сам Сяргей Ціханоўскі мусіць прыехаць у Мазыр у аўторак 2 чэрвеня. Прынамсі, так ён абвяшчаў на пікеце ў Гомелі напярэдадні. Як раз 2 чэрвеня павінен выйсці з-пад арышту аўтар You-Tube-каналу «Мозырь для жизни» і сябра каманды Сяргея Ціханоўскага Аляксандр Цуканаў, арыштаваны за ўдзел у мазырскай сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім. Але ўвечары 29 траўня пасля правакацыі на пікеце ў Горадні Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПу і на цяперашні час ён знаходзіцца ў міліцэйскім ізалятары.
Людзі таксама абмяркоўвалі сітуацыю ў краіне. Некаторыя распавядалі пра вядомыя ім выпадкі прымусовага збору подпісаў за дзейнага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку на прадпрыемствах і ў навучальных установах.
Пікет жа, на якім збіралі подпісы ў падтрымку Лукашэнкі, назіральнікамі палескага рэгіёну заўважаны толькі адзін – каля прахадной Цэлюлозна-кардоннага камбіната ў Светлагорску. Ля пікету падпісантаў не было, а сама пікетоўшчыца сарамліва адварочвалася, хаваючы твар ад назіральніка.
30 траўня каля 12-й гадзіны ў Светлагорску каля гандлёвага цэнтру «Березки» з’явіўся таксама пікет прыхільнікаў Сяргея Ціханоўскага, якія збіраюць подпісы за вылучэнне кандыдатам на прэзідэнта ягонай жонкі Святланы Ціханоўскай. Амаль адразу ж каля пікета пачала выстрайвацца чарга.