Для баранавіцкага назіральніка камісія ўвяла спецыяльны "прапускны рэжым"
Пасля таго, як назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" з Баранавічаў Аляксандр Вайцешык апублічыў той факт, што на адно з пасяджэнняў раённай камісіі прыйшло менш за палову яе сябраў, і звярнуўся на гэты конт са скаргай у Цэнтрвыбаркам, камісія стала ставіцца да яго насцярожана. У чым гэта выяўляецца?
Нагадаем, 26 траўня пасяджэнне Баранавіцкай раённай камісіі не адбылося праз тое, што на яго прыйшло толькі 5 чальцоў з 13. Прычым сярод адсутных быў як старшыня камісіі, так і яго намеснік. Сябрам камісіі нічога не заставалася, як перанесці пасяджэнне, тым больш у прысутнасць назіральніка. Новае паседжанне прызначылі на наступны дзень – 27 мая.
У той дзень Аляксандр Вайцешык зноў прыйшоў у будынак райвыканкама на пасяджэнне камісіі. Міліцыянт, які дзяжурыў на ўваходзе, праверыўшы дакументы і высветліўшы куды назіральнік ідзе, адразу не прапусціў яго, а пачаў камусьці тэлефанаваць. Ён патлумачыў Вайцешыку, што яму паступіла распараджэнне кожны раз папярэджваць камісію аб прыходзе гэтага назіральніка, каб хто-небудзь з камісіі спускаўся і праводзіў яго на пасяджэнне.
"Мяркую, што такі "прапускны рэжым" зроблены выключна для мяне, каб незалежны назіральнік, як і звычайны выбаршчык, не змог убачыць рэальнай "працы" выбарчай камісіі", - пракаментаваў Аляксандр Вайцешык.
Само пасяджэнне, па словах назіральніка, таксама праходзіла ў напружанай атмасферы. Вайцешыку зрабілі заўвагу за тое, што ён сфатаграфаваў камісію да пачатку паседжання, і пагражалі, што пазбавяць акрэдытацыі. Яго пярэчанне аб тым, што падрыхтоўка да выбараў праходзіць галосна і пасяджэнне яшчэ не пачалося, проста праігнаравалі.
Пасяджэнне старшыня выбарчай камісіі пачаў з таго, што канстатаваў той факт, што напярэдадні пасяджэнне не адбылося. Пры гэтым ён адзначыў, што камісія не абавязаная даваць справаздачу і распавядаць каму-небудзь пра тое, чаму яе сябры не прыходзяць на пасяджэнне. Бо "у кожнага свае справы і пытанні".
"Дадзеная пазіцыя старшыні наогул не вытрымлівае ніякай крытыкі. Самае малае, што мог зрабіць старшыня - дык гэта папрасіць прабачэння за свае "прагулы" і за "прагулы" сябраў камісіі, а не паводзіць сябе такім чынам", - выказаў сваё меркаванне назіральнік.
А пасля заканчэння пасяджэння камісія засталася для вырашэння "працоўных пытанняў", а незалежнага назіральніка папрасілі пакінуць памяшканне, бо афіцыйна пасяджэнне завяршылася. Між тым у памяшканні чамусьці пакінулі іншага назіральніка, Ванду Кіслюк, якая працуе ў гэтым жа выканкаме (старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі адукацыі).
Таксама Аляксандр Вайцешык адзначае, што на пасяджэнні 26 траўня ён быў зарэгістраваны першым і адзіным назіральнікам. А ўжо на наступны дзень старшыня камісіі агучыў, што акрамя яго зарэгістраваліся адразу 4 назіральнікі.