У Бабруйску на сваім пікеце прысутнічаў Андрэй Дзмітрыеў
На пікеце па збору подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты ў Бабруйску 28 траўня прысутнічаў і адказваў на пытанні выбаршчыкаў лідэр “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў. Людзей было не вельмі шмат.
Адзін з прысутных запытаўся, што Дзмітрыеў думае пра службу ў войску. Палітык сказаў, што скасоўваць армію ён не збіраецца: служба ў войску застанецца тэрміновай.
“Да кантрактнай арміі нам яшчэ вельмі далёка. Але справа не ў тым, якая служба – тэрміновая ці кантрактная, а ў тым ЯКАЯ тэрміновая”, – падкрэсліў Андрэй Дзмітрыеў.
Ён распавёў, што прама зараз яго сын служыць у войску. Андрэй Дзмітрыеў дадаў:
“Я думаю, гэта нармальна – каб мужчыны служылі ў арміі. Але зрабіць гэта трэба з мінімальнымі праблемамі для чалавека: месца працы павінна захоўвацца, службу – уключаць у пенсійны стаж, трэба дапамагаць маладым людзям пасля арміі ўбудоўвацца ў жыццё”.
Таксама, Андрэй Дзмітрыеў паабяцаў, што калі ён стане прэзідэнтам, то будзе гаварыць па-беларуску, паведамляе “Бабруйскі кур’ер”.