Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Ніякай канкрэтыкі. Гарадзенскія назіральнікі атрымліваюць адказы на свае звароты

Раман Юргель, Андрэй Коця, Віктар Сазонаў
Раман Юргель, Андрэй Коця, Віктар Сазонаў

Гарадзенскія праваабаронцы атрымалі адказ з гарвыканкаму на свой ліст пра тэхнічную памылку падчас відэатрансляцыі пасяджэння па фарміраванні раённай ТВК. Праваабаронцы Віктар СазонаўРаман Юргель, Андрэй Коця і Святлана Рудкоўская звярталі ўвагу чыноўнікаў на тое, што відэатрансляцыя 19 траўня пасяджэння па пытанні стварэння Ленінскай і Кастрычніцкай раённых камісій па выбарах не адпавядала патрэбным крытэрам.

Тады прамая трансляцыя рэзка перапынілася праз 42 хвіліны, напэўна па тэхнічных прычынах, і больш не аднаўлялася, і нават у запісе не паўтаралася. Таму цяжка было адсачыць канцоўку пасяджэння па фарміраванню камісій.

Галоўнае, што прапаноўвалі праваабаронцы, гэта паставіць на сайце выканкаму відэазапіс пасяджэння.

У адказе ж з гарвыканкаму у прыватнасці ўказваецца, што пясяджэнне праведзена ў адпаведнасці з артыкулам 34 Выбарчага Кодэксу Рэспублікі Беларусь. І што ўся інфармацыя бала размешчана ў адкрытым доступе. А збой трансляцыі сапраўды адбыўся па тэхнічных прычынах.

Пра тое, ці будзе ўсё ж відэазапіс пасяджэння, - ні слова. Затое звернутая ўвага на тое, што дадзеныя асобы, якія даслалі ліст у выканкам, заявы ў склад уключэнне іх у камісіі не падавалі. А вось ад тых, хто падаваў, аніякіх скаргаў не паступала.

Таксама гарадзенскія назіральнікі атрымалі адказ ад Цэнтальнай выбарчай камісіі на свой ліст, у якім яны прапаноўвалі ЦВК пасадзейнічаць таму, каб медыцынскіх работнікаў не прыцягвалі да працы ва ўчастковых выбарчых камісій у сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй. 

"Медыкі патрэбны ў бальніцах, а не ў камісіях". Зварот гарадзенскіх назіральнікаў у ЦВК

Гарадзенскія праваабаронцы, назіральнікі і журналіст кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Віктар Сазонаў, Раман Юргель, Андрэй Коця, Святлана Рудкоўская і Уладзімір Хільмановіч даслалі чарговы ліст у Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

ЦВК адказала гарадзенскім праваабаронцам лаканічна, і па сутнасці, не адказала на галоўнае пытанне, ці будзе такая ініцыятыва.

У лісце за прозвішчам старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, у прыватнасці гаворыцца, што “пытанні фарміравання складу ўчастковых камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адносяцца да кампетэнцыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў (артыкул 34 Выбарчага кодэкса), а не Цэнтральнай камісіі”. А таксама прыводзіцца статыстыка пра колькасць ужо ўключаных у камісіі медыцынскіх работнікаў. Яшчэ звяртаецца ўвага, што ў “электронным звароце ў Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў аб фарміраванні тэрытарыяльных камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь няма фактаў, якія сведчаць аб парушэннях выбарчага заканадаўства”.

Адказ, які атрымалі праваабаронцы, тычыўся трэцяга іх ліста ў ЦВК. На першыя два, якія тычыліся фарміравання ТВК і дыскрымінацыі беларускай мовы на сайце ЦВК, адказаў так і не прыйшло.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары