Да 23 тысячаў. Вылучэнцы пачалі выдаткоўваць сродкі на выбарчую кампанію
Згодна з дадзенымі Цэнтральнай выбарчай камісіі некаторыя патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты ўжо пачалі расходаваць сродкі на выбарчую кампанію. Больш за ўсё сродкаў з выбарчага фонду выдаткаваў вылучэнец экс-кіраўнік "Белгазпрамбанка" Віктар Бабарыка — больш за 23 тысячаў беларускіх рублёў.
Трэба адзначыць, што з 14 асоб, якія вылучаюцца ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты, толькі сем адкрылі банкаўскія рахункі. Сярод іх: Сяргей Чэрачань, Андрэй Дзмітрыеў, Віктар Бабарыка, Алесь Таболіч, Ганна Канапацкая, Святлана Ціханоўская, Валер Цапкала. Астатнія пакуль не адкрылі свае рахункі ў банках. Сярод іх і дзеючы прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.
У выбарчыя фонды чатырох вылучэнцаў ўжо пералічаныя сродкі:
- Андрэй Дзмітрыеў — 2 рублі;
- Ганная Канапацкая — 3 тысячы рублёў;
- Віктар Бабарыка — 154 900 рублёў;
- Валерый Цапкала — 29 200 рублёў.
Трое з іх ужо выдаткавалі пэўную суму на выбарчую кампанію:
- Ганная Канапацкая — 2 400 рублёў;
- Віктар Бабарыка — 23 430, 52 рублёў;
- Валерый Цапкала — 1 285,57 рублёў.
У выбарчыя фонды астатніх вылучэнцаў пакуль не паступалі сродкі.
Нагадаем, памер фонду абмежаваны 9 тысячамі базавых велічыняў — сёлета гэта 243 тысячы рублёў або каля 101 тысячы даляраў. Грошы ў фонд можа ўносіць любы грамадзянін Беларусі (да 20 базавых — 540 рублёў), прымаюцца грошы і ад юрыдычных асобаў (да 50 базавых — 1350 рублёў), і з кішэні самаго патэнцыйнага кандыдата.
Першую фінансавую справаздачу ў Цэнтрвыбаркам вылучэнцы ў кандыдаты павінны прадаставіць не пазней 24 чэрвеня.