Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Пікет за Ціханоўскую стаў самым масавым у Магілёве з 1994 году

Як паведамляе Радыё Свабода, 27 траўня каманда патэнцыйнай кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай правяла ў Магілёве пікет па збору подпісаў у падтрымку вылучэнкі — самы масавы ад 1994 году, калі ў Беларусі быў уведзены інстытут прэзідэнцтва.

Пікет яе прыхільнікі разгарнулі насупраць гарвыканкаму.

cihanouskaja_magileu.jpg
Пікет па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у Магілёве. Фота Радыё Свабода

"Я за чэсныя выбары і каб Лукашэнка зняў сваю кандыдатуру"

Чатыры чаргі з ахвочых падпісацца за Ціханоўскую на працягу чатырох гадзін расцягваліся да 40 метраў. У іх стаяла і моладзь, і пажылыя людзі. Некаторыя прыходзілі з дзецьмі. Усе, з кім даводзілася гутарыць, казалі, што ад вылучэнкі чакаюць такіх пераменаў, "каб людзі самі вырашалі свой лёс і адчувалі, што ад іх нешта залежыць у іхнай краіне".

На пляцоўцы перад гарвыканкамам фонам гучала музыка беларускіх выканаўцаў. Жыўцом спяваў бард Анатоль Кудласевіч. Каля столікаў, дзе падпісвалі людзей, грудком ляжалі тапкі, іранічны сімвал перадвыбарчай кампаніі Ціханоўскай.

Маладая жанчына, выстаяла ў чарзе гадзіну, каб пакінуць подпіс.

"Я за чэсныя выбары і каб Лукашэнка зняў сваю кандыдатуру, — кажа яна. — Самае галоўнае, каб людзей не прымушалі за некага галасаваць. Я ўжо ведаю, як тое робіцца ў школах і дзіцячых садках. Людзей прымушаюць, нават пад пагрозай звальнення. І многія аддаюць свой голас. Няўжо так павінна быць?"

Жанчына пэнсійнага ўзросту кажа, што ад Ціханоўскай чакае пераменаў, каб "унукам было лягчэй і каб яны маглі збірацца не па адным, а хаця б пастаяць і пагутарыць ды іх не пасадзілі за гэта ў турму".

"Мне абрыдлі адны і тыя ж абяцанні. Хоць ён і кажа, але нічога не выконвае, — абураецца яна. — Напрыклад, пра каранавірус. Я перакананая, што ўлада замоўчвае рэальную сітуацыю. Каб ведаў народ праўду, то больш асцерагаліся б. І лекарам было б лепей".

"Трэба мяняць нешта ў нашай краіне..."

cihanouskaja_magileu2.jpg
Пікет па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у Магілёве. Фота Радыё Свабода

Для бальшыні тых, хто прыйшоў падпісацца, аўтарытэт не сама Ціханоўская, а яе муж — блогер Сяргей Ціханоўскі. Яму Цэнтральная выбарчая камісія ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы адмовіла, бо ён адбываў 15 сутак арышту і не мог асабіста падаць дакументы.

"А за каго яшчэ? Шмат вылучэнцаў, але з маладых ды вартых увагі — толькі ён", кажа мужчына сярэдняга веку, які прывёў на пляцоўку пад гарвыканкам сваю сям’ю.

"Ён ужо заслужыў павагу за тое, што ўзняў людзей супраць сістэмы, — працягвае ён. — Я ад яго чакаю любых зменаў, каб толькі не так, як цяпер".

Сяргей Ціханоўскі: "Тое, што зарэгістраваная мая жонка, а не я, — адзін з доказаў" фальсіфікацыі выбараў

Самой Святланы Ціханоўскай на пікеце не было. У Магілёў прыехаў яе муж, Сяргей Ціханоўскі.

cihanouskaja_magileu3.jpg
Сяргей Ціханоўскі на пікеце ў Магілёве. Фота Радыё Свабода

Ён кажа, што людзі, якія падпісваюцца за ягоную жонку, ведаюць, што яе могуць у любы момант зняць, сказаўшы, што былі парушэнні.

"Гэта максімальна верагодна. Людзі бачаць, што мы робім, у інтэрнэце. Калі нам скажуць, што мы не справіліся, то гэта будуць канкрэтныя доказы таго, што выбары фальсіфікуюцца. Мы, уласна кажучы, і ўдзельнічаем у іх, каб паказаць, як яны фальсіфікуюцца. Тое, што зарэгістраваная мая жонка, а не я, — адзін з доказаў".

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" 


Каментары